У вёсцы Ваверка Лідзкага раёну невядомыя парушылі помнікі і крыжы прыблізна на 120 магілах. Міліцыя паабяцала грашовае ўзнагароджаньне за дапамогу сьледзтву.
У Ваверцы знаходзіцца цэнтар сельсавету, гэта вялікая вёска. У мясцовым сельсавеце паведамілі, што міліцыя пакуль што не знайшла злодзеяў. А як наконт пачатковай вэрсіі аб тым, што ўчыніць розрух на могілках маглі п’яныя?
Спадар: “Ня знаю: ці п’яны, ці нейкая сэкта. Малаверагодна, што хтосьці менавіта нападпітку на такое пайшоў. У нас вялікія могілкі, і там якраз уздоўж дарожкі, углыбіні могілак усё гэта зламана. У нас гэтыя могілкі дзесьці перадваеннага пэрыяду, але ў асноўным у гэтым месцы пахаваньні 1950-60-х гадоў”.
Што рабілі жыхары Ваверкі пасьля здарэньня на вясковых могілках, ці зьвярталіся па дапамогу ў сельсавет?
Спадар: “ Людзі самі аднаўлялі, дапамогі не прасілі. Калі больш новыя помнікі, то людзі больш заможныя, у якіх ёсьць сродкі аднавіць. А каторыя старыя помнікі, яны толькі што скінутыя, а так яны цэлыя засталіся, толькі іх падняць і на месца паставіць. Разьбітых мала. Вы прабачце, зараз у нас тут шлюб бяруць…”
Як часта і ў якіх выпадках міліцыя зьвяртаецца да насельніцтва па дапамогу, абяцаючы грашовую ўзнагароду за зьвесткі пра магчымых зладзеяў? У абласной управе ўнутраных спраў паведамілі :
“Гэта найбольш рэзанансныя злачынствы. Бывалі, бывалі выпадкі. А якая сума? Гэта, у прынцыпе, апэратыўная работа, у апэратыўнікаў ёсьць артыкул выдаткаў. Гэта пытаньне не асьвятляецца, нават калі яно на нарадзе разглядаецца, мова ідзе аб узнагароджаньні, то прэсу выдаляюць”.
Супрацоўнік міліцыі ўдакладніў: пра здарэньне у Ваверцы людзі гавораць і ў Лідзе, і ва ўсім раёне. Гэта дзёрзкае злачынства, якое мае вялікі грамадзкі рэзананс. У Горадні раней быў напад на інкасатараў з аўтаматам, і па дапамогу міліцыя зьвярталася да людзей. У Слоніме адбылося цяжкое злачынства, забойства, таксама абяцаюць за інфармацыю грошы.
Што датычыць пашкоджаньня надмагільляў, то такія злачынствы здараюцца раз-пораз, і ёсьць выпадкі, калі міліцыі ўдаецца затрымаць злодзеяў, паведамілі ў абласной управе ўнутраных спраў.