Начальнік Упраўленьня комплекснага аналізу і каардынацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Міхаіл Друзік кажа:
“Мы стараемся, шчыра кажучы, ад такога тэрміну, як галеча, адысьці. У нарматыўна-прававой базе праходзіць у нас тэрмін “малазабясьпечанасьць”. Крытэр вызначаецца бюджэтам пражытковага мінімуму (224 700 рублёў было, а зь лістападу будзе невялікае падвышэньне). 7,3% насельніцтва па выніках першага паўгодзьдзя. Лічыцца, што Беларусь паводле ўзроўню дабрабыту выглядае больш-менш прыстойна. Узровень малазабясьпечаных зьніжаецца ад году да году”.
Такім чынам, згодна з афіцыйнай статыстыкай, 7,3% насельніцтва адносяцца да малазабясьпечаных. Экс-міністар працы, а зараз намесьнік дырэктара зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў ня згодны з тым, што ў Беларусі няма тэрмінаў “галеча” і “рыса беднасьці”:
“Рыса беднасьці ёсьць. Яна называецца мінімальны бюджэт пражытковага мінімуму. Паводле апошняга апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (а гэта было ў верасьні), тых, хто атрымлівае на душу ў сям’і менш за памер бюджэту пражытковага мінімуму — гэта значыць, да 230 тысяч рублёў (гэта прыкладна 110 даляраў) — аж 14,5%. Людзі самі сказалі так”.
Карэспандэнтка: “Гэта істотна адрозьніваецца ад афіцыйнай статыстыкі — там 7,3%”.
“Ну, афіцыйная статыстыка... Як казалі калісьці: ёсьць хлусьня, ёсьць гнюсная хлусьня, а ёсьць статыстыка”.
Паводле Дэклярацыі тысячагодзьдзя ААН, рыса галечы — прыбытак меней за 1 даляр у дзень на чалавека. Але нядаўна Ўсясьветны банк перагледзеў гэтыя нормы, кажа Віктар Радзівіноўскі, супрацоўнік Дэпартамэнту інфармацыі прадстаўніцтва ААН у Беларусі:
“Зараз гэта не 1 даляр, а 1 даляр 25 цэнтаў. Беларусь нядрэнна выглядае сярод іншых краінаў СНД: тут каля 0,5% насельніцтва мае даход менш за 1, 25 даляра, 2,5% — менш за 2 даляры ў дзень. Але ж у сьвеце гэта ня вельмі добры выгляд”.
Галеча — гэта ня толькі нястача сродкаў. Сёньня панятак галечы — гэта “абмежаваньне магчымасьцяў рэалізацыі патэнцыялу чалавека, выкліканае адсутнасьцю працы, камфортнага жытла... Галеча — гэта бясьсільле перад зьнешнімі акалічнасьцямі, адсутнасьць голасу ў грамадзкіх справах, адчуваньне безабароннасьці і страху, абмежаваньне магчымасьцяў удзельнічаць у дэмакратычных працэсах”, — зазначаецца ў матэрыялах Прадстаўніцтва ААН у Беларусі.