З.Пазьняк: “Гэта стала камэртонам для змаганьня з імпэрыяй КПСС”

Заснавальнік Беларускага Народнага Фронту і адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк – пра першае масавае шэсьце 30 кастрычніка 1988 году.
Ганна Соўсь: “Зянон Станіслававіч, набліжаецца 20 гадавіна першага шэсьця на Дзяды. 30 кастрычніка 1988 году ўпершыню быў узьняты бел-чырвоны-сьцяг. Як бы Вы ацанілі цяпер тое, што адбылося на Дзяды?”.

Зянон Пазьняк: “На Дзяды 30 кастрычніка 1988 году фактычна адбылося першае выпрабавальнае сутыкненьне паміж сіламі таталітарнага імпэрскага СССР і новымі сіламі нацыянальнага вызваленьня. Ад зыходу гэтага сутыкненьня залежаў шлях, па якому пойдзе вызвольная барацьба ў Савецкім Саюзе. Камуністы хацелі навязаць крывавае вырашэньне канфлікту, каб задзейнічаць паліцэйскую ваенную сілу, якая ў іх была.

Фота з архіву Ўладзімера Арлова


Таму ў ЦК кампартыі Беларусі была падрыхтаваная маштабная сілавая правакацыя і створаны камуністычны штаб правакацыі, які ўзначаліў сакратар ЦК па ідэалёгіі Валер Пячэньнікаў. Ён генэральна кіраваў апэрацыяй. З усёй Беларусі былі прывезеныя ў Менск аддзелы міліцыі, задзейнічана рэальна было каля 10 тысячаў чалавек. Былі перакрытыя ўсе дарогі на ўезьдзе ў Менск, у тым ліку Менская акружная дарога. Падняты белполк і батальёны ўнутраных войскаў, частцы асабовага складу раздалі вогнестрэльную зброю і баявыя патроны. Да Ўсходніх могілкаў сьцягнулі мноства тэхнікі, якой менчукі яшчэ ніколі ня бачылі. Там было шэсьць вадамётных ваенных машын з вадзянымі гарматамі, машыны сувязі з рацыямі, мноства вялізных глухіх машынаў з закратаванымі вокнамі, аўтобусы з байцамі ў плястыкавых касках і каля двух дзясяткаў міліцэйскіх хапуноў. Курапаты таксама былі абкружаныя міліцыяй са шчытамі і з гумовымі палкамі. І хоць быў выходны дзень, 30 кастрычніка працавалі суды і пракуратура.

Фота з архіву Ўладзімера Арлова


Каля могілак людзей пачалі труціць газам і хапаць. Тымчасам на могілках хадзілі міліцыянты з сабакамі. Усю масу людзей абкружылі і прыціскалі да могілкавай агароджы. Правакуючы, яны чакалі нейкай каманды. Зразумела, што трэба было вывесьці людзей з гэтых абцугоў.

Фота з архіву Ўладзімера Арлова


Я пасьпеў прамовіць да ўсіх ня больш хвіліны і папярэдзіў, што рыхтуецца вялікая правакацыя, каб не паддаваліся на правакацыю і на бойку, каб трымаліся разам. і каб выходзілі ў бок Уручча на Курапаты. Гэтым удалося зблытаць пляны правакатараў. Большая палова людзей пайшла на Курапаты, а частка засталася. Міліцыя падзялілася. Чуліся супярэчлівыя каманды і лаянка камандзіраў. Словам, правакацыя не ўдалася, хоць у той дзень зьбілі і арыштавалі больш за 70 чалавек.

Зянон Пазьняк
Праз год мне стала вядома ад чыноў міліцыі, што намервалася людзей сьпіхнуць у стары сад, а там моцна пабіць, пусьціць кроў. Потым усю віну за гэта думалі ўзваліць на БНФ і расправіцца з Фронтам у зародку. У гэты дзень мы перамаглі сваёй стрыманасьцю і арганізаванасьцю. тут гандзіскі мэтад змаганьня мірнымі сродкамі нам моцна дапамог. Плян камуністаў пацярпеў грандыёзны крах. У выніку пасьля 30 кастрычніка беларуская інтэлігенцыя, творчыя саюзы, навуковая грамадзкасьць адвярнуліся ад камуністаў. Паўтаруся, гэта была наша нечаканая, вялікая і разумная перамога. Пасьля 30 кастрычніка Фронт пачаў бурна разрастацца па ўсёй Беларусі. Неўзабаве мы ўжо мелі масавую арганізацыю падтрымкі людзей.

Гэтая падзея мела розгалас па ўсім СССР. Менавіта яна стала камэртонам для мірнага змаганьня зь імпэрыяй КПСС. Камуністы пасьля 30 кастрычніка і разгромнай паразы ў Менску зразумелі, што сілавы мэтад барацьбы з Народнымі Франтамі прывядзе іх да краху. У выніку барацьба за дэмакратыю і незалежнасьць пайшла ў СССР мірным шляхам. Калі б тады, у 1988-м, мы б паддаліся на правакацыю, то пасьля таго, як нас патапілі б у крыві, кроў палілася б па ўсім Савецкім Саюзе. Характар расейцаў мы добра ведаем”.

Соўсь: “20 гадоў таму людзі, якія ішлі жалобным шэсьцем у Дзень памяці продкаў, былі адзінымі. Як Вы лічыце, ці ёсьць яшчэ магчымасьць, каб і сёлета адзначэньне Дня памяці продкаў аб’яднала людзей?”

Пазьняк: “Сёлета 2 лістапада, на Дзяды, Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ арганізуе традыцыйнае Крыжовае шэсьце на Курапаты, якое робіць кожны год. Запрашаем усіх беларусаў, хто шануе памяць продкаў, далучацца да нашага шэсьця. Дзяды – гэта сакральнае і вольнае сьвята. Беларусы адведваюць магілы сваіх памерлых продкаў, мы ж запрашаем адведаць масавыя магілы нашага расстралянага расейскімі бальшавікамі народу, які палёг у Курапатах. Шэсьце пачынаецца аб 11-й гадзіне ад гадзіньнікавага заводу, збор у 10:30”.

Ганна Соўсь
Соўсь:
“Колішні кіраўнік “Талакі” Сяржук Вітушка сказаў нядаўна ў эфіры “Свабоды”, што “перамогу атрымалі тыя, хто тады разганяў мітынг, і што здарыўся гэткі выбух савецкай злосьці, агрэсіі... На жаль, сёньня яна перамагае ў Беларусі...". Ці згодныя Вы са спадаром Вітушкам? Што да агрэсіі і злосьці, то ці зьмяніліся мэтады ўлады за 20 гадоў (30 кастрычніка людзей труцілі сьлезацечным газам)?”

Пазьняк: “Гэта, відаць, эмацыйныя ўражаньні Сержука, бо напал пачуцьцяў тады быў вельмі моцны. У палітыцы перамагае ня той, хто разганяе, і ня той, хто забівае, а той, хто дасягае грамадзкай мэты. 30 кастрычніка 1988 году камуністы сваім дурным разгонам і зьнявагай людзей пацярпелі крах. Яны нас зьбілі, і ў выніку прайгралі ўладу КПСС разам з СССР. Дзень 30 кастрычніка 1988 году паклаў пачатак краху КПСС і Савецкага Саюзу ў Беларусі. Гэта быў паваротны дзень, для БНФ таксама. Цяперашні цяжкі час – гэта не перамога зла, гэта рэстаўрацыя Бурбонаў, якая зацягнулася, бо прыехала з Масквы. А лёс Бурбонаў вядомы.”

Соўсь: “Да 20-ай гадавіны гэтай даты Радыё Свабода штодня ў эфіры і на сайце прадстаўляе ўспаміны ўдзельнікаў акцыі 30 кастрычніка 1988 году. І многія людзі гавораць, што гэты дзень фактычна зьмяніў, перавярнуў іхняе жыцьцё. А для Вас асабіста чым быў той дзень?”

Пазьняк: “Для мяне гэта быў адначасна дзень і ўрачысты, і палітычна напружаны. Ідучы на Дзяды, я адчуваў, што камуністы нешта зробяць, я пракручваў у галаве варыянты: трэба было хутка ацаніць абстаноўку і знайсьці выхад, бо людзі былі бязрадныя. Словам, для мяне гэта быў дзень найвялікшага псыхічнага, валявога і разумовага напружаньня.”