Дзень беларускай мовы будзе ўведзены ў ідэалягічным упраўленьні Берасьцейскага аблвыканкаму. Чыноўнікі абяцаюць, што адзін раз у тыдзень будуць размаўляць з наведнікамі і між сабой выключна па-беларуску.
Ідэалягічнымі структурамі на Берасьцейшчыне кіруе старшыня адпаведнага ўпраўленьня аблвыканкаму Аляксандар Рагачук. Вось што ён паведаміў адмыслова для “Свабоды”:
“Я як чыноўнік, а таксама мае супрацоўнікі не жадаюць выглядаць ідыётамі, калі на роднай сакавітай мове ня здольныя адказаць, як у дадзеным выпадку. Вось у чым асноўная фабула. Тут увогуле нічога рэвалюцыйнага няма. Зьявілася жаданьне ўзьняцца на новую плянку ў сваім разьвіцьці”.
Са словаў Аляксандра Рагачука, дзень беларускай мовы будзе вызначаны крышку пазьней. Цяпер чыноўнікі займаюцца самаадукацыяй.
“У нас усе супрацоўнікі валодаюць беларускай мовай. Проста не хапае моўнай практыкі. Мы вучым мякка, паціху. І я ўпэўнены, што калі праз паўгода вы мне зноў патэлефануеце, то я буду адказваць на пытаньні на цудоўнай беларускай мове”.
Як успрымаюць ініцыятыву галоўнага ідэоляга ў рэгіёне? Сваімі назіраньнямі дзеліцца Віктар Сырыца з Баранавічаў:
“Калі наведваю дзяржаўную ўстанову, то заўжды размаўляю толькі па-беларуску. І таму са мной абсалютная большасьць чыноўнікаў таксама размаўляюць на беларускай мове. Да прыкладу, добра ведаю намесьніка старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Леаніда Цупрыка. Ён таксама валодае беларускай мовай. Некалі нават наведваў паседжаньні Таварыства беларускай мовы”.
На сёньня ў ідэалягічнай вэртыкалі Берасьцейшчыны працуюць 111 штатных чыноўнікаў. Яшчэ 242 — намесьнікі кіраўнікоў па ідэалягічнай працы на прадпрыемствах і ва ўстановах. Акрамя таго, па сумяшчальніцтве адказваюць за прапаганду дзяржаўнай ідэалёгіі больш як дзьве тысячы чалавек.
Меркаваньне старшыні ТБМ Алега Трусава:
“Цяпер на месцах, дзякуй Богу, ідзе замена кіраўнічых кадраў. Тыя савецкія начальнікі, якія ненавідзелі ўсё беларускае, сыходзяць на пэнсію. На іх месцы прыходзяць людзі ў 40—45 гадоў. А гэта ж дзеці беларускай перабудовы. Яны мову ведаюць. Таму ідэолягі гэта адчулі. І яны разумеюць, што калі жадаеш затрымацца на сваёй пасадзе, то ўсё ж такі трэба да мовы вяртацца”.