Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Сяргей Шыцікаў адхіліў пазоў палітыкаў Уладзімера Кацоры й Васіля Палякова да гарвыканкаму на забарону пікетаў і мітынгу.
Згаданыя масавыя мерапрыемствы замаўляліся ў верасьні, падчас агітацыйнай кампаніі па выбарах дэпутатаў парлямэнту, дзеля тлумачэньня сваёй пазыцыі на выбарах і агітацыі супраць уладных кандыдатаў.
Падставай для забароны — і з гэтым пагадзіўся суд — стала найперш тое, што палітыкі не заключылі дамоваў зь міліцыяй, цэнтральнай гарадзкой паліклінікай і спэцаўтапрадпрыемствам на абслугоўваньне масавых мерапрыемстваў.
І хаця старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына паведамляла гомельскім актывістам, што Гомельскаму гарвыканкаму рэкамэндавана на час выбараў не патрабаваць ад заяўнікаў заключэньня такіх дамоваў, выканкам не прыслухаўся да гэтай рэкамэндацыі. Больш за тое, прадстаўніца гарвыканкаму ў судзе Паліна Лабанава заявіла, што ў канцылярыі яна не змагла знайсьці такіх рэкамэндацыяў ні ад Ярмошынай, ні ад аблвыканкаму.
“Я прапаноўваў вынесьці прыватныя пастановы на адрас старшыні ЦВК Ярмошынай і Гомельскага аблвыканкаму. Бо, як высьветлілася ў судзе, толькі нам, прыватным асобам, былі накіраваны лісты наконт правядзеньня масавых мерапрыемстваў падчас выбарчай кампаніі. Гарвыканкам жа такіх рэкамэндацыяў не атрымліваў ні з аднаго, ні з другога адрасу. Наўмысна ці не, але і аблвыканкам, і Ярмошына ўвялі ў зман і нас, як грамадзян, і, у дадзеным выпадку, суд”, - гаворыць Уладзімер Кацора.
Судзьдзя Шыцікаў, аднак, прыватнай пастановы ня вынес. Патлумачыў ён гэта тым, што ня мае спраўджанай інфармацыі наконт таго, дайшлі ці не да гарвыканкаму рэкамэндацыі старшыні Цэнтравыбаркаму.
Ня стаў судзьдзя выносіць і пастановы пра неканстытуцыйнасьць рашэньня гарвыканкаму № 299, паводле якога заяўнікаў абавязваюць заключаць дамовы зь міліцыяй, гарадзкой паліклінікай й спэцаўтапрадпрыемствам на абслугоўваньня масавых мерапрыемстваў.
Пазоўца й старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў так выказаўся пра адмову суду прызнаць неабгрунтаваным рашэньне гарвыканкаму на забарону масавых мерапрыемстваў падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі:
“Такое рашэньне было чаканым. Былі, аднак, усё ж спадзяваньні на тое, што ў кантэксьце зрухаў, якія адбываюцца цяпер між Беларусьсю й Эўразьвязам, нейкія зьмены будуць адбывацца. Але сёньняшняе рашэньне суду — гэта дадатковае сьведчаньне таго, што беларускія ўлады пакуль не гатовыя на лібэралізацыю сыстэмы, на тое, каб дазваляць грамадзянам рэалізоўваць свае палітычныя й грамадзянскія правы”.
Дарэчы, у судзе застаюцца неразгледжанымі яшчэ сем пазоваў на забарону гарвыканкамам масавых мерапрыемстваў падчас сёлетніх парлямэнцкіх выбараў.