Сёньня моладзевыя актывісты дэмакратычнага руху будуць ладзіць акцыі на знак салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі, якімі, на іх думку, з’яўляюцца пакараныя абмежаваньнем волі фігуранты “працэсу 14-ці”. Акцыі адбудуцца ў Менску і ў рэгіёнах. Дзень Салідарнасьці адзначаюць у Беларусі і за яе межамі штомесяц 16-га чысла ад кастрычніка 2005 году.
Сёньня тры гады, як актывісты дэмакратычнага руху будуць ладзіць акцыі салідарнасьці з сем’ямі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага, якія зьніклі пры загадкавых абставінах, і лёс іх дагэтуль невядомы.
У Салігорску моладзь традыцыйна будзе ладзіць ланцуг у цэнтры гораду.
Гаворыць намесьнік старшыні незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Іван Шыла:
“Гэта будзе ланцуг неабыякавых, якія будуць трымаць партрэты палітвязьняў і зьніклых.
Мы не адмовіліся ад таго, што на такіх акцыях мы дамагаемся вызваленьня палітвязьняў і рэабілітацыі былых палітзьняволеных і перакананыя, што пакараных у “справе 14-ці” варта лічыць палітычнымі зьняволенымі, бо абмежаваньне волі таксама адзін з элемэнтаў уціску і форма палітычнага перасьледу”.
Лідэр новай незарэгістраванай арганізацыі “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч апавёў “Свабодзе”:
“На цэнтральныя плошчы беларускай сталіцы выйдуць дзясяткі беларусаў, можа, нават сотні дзеля таго, каб чарговы раз ушанаваць памяць тых людзей, якія зьніклі ці пакутуюць з-за сваіх перакананьняў. Некаторыя зь іх былі вымушаныя зьехаць у іншыя краіны з-за таго, што ім не даюць магчымасьці жыць у нашай роднай Бацькаўшчыне.
Мы паспрабуем паказаць усім беларусам і усяму сьвету, што лёс гэтых людзей для нас неабыякавы, што мы пра іх памятаем, што мы за іх гатовыя змагацца”.
Студэнты-каліноўцы ў Польшчы каля будынку беларускай амбасады запаляць сьвечкі і паставяць каля іх партрэты зьніклых у Беларусі апанэнтаў улады. У Эстоніі, Літве і Латвіі беларускія студэнты будуць распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы пра сытуацыю ў Беларусі.