Рада Эўразьвязу пакінула ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ, пяцёх прадстаўнікоў Беларусі. Сярод іх двое — Лідзія Ярмошына і Ўладзімер Навумаў — займаюць значныя пасады. Астатнія паступова сышлі ў адстаўку.
Ці напаткае такі ж лёс старшыню Цэнтравыбаркаму і міністра ўнутраных спраў? Пра гэта распавядае палітоляг Юры Чавусаў.
Адмыслоўцы выказваюцца пра тое, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка паступова пазбаўляецца ў сваім атачэньні ад асобаў, якія сябе неяк скампрамэтавалі. Ці насамрэч ёсьць такая тэндэнцыя?
Чавусаў: “На мой погляд, нават наадварот. Тыя адстаўкі, якія адбыліся, адбыліся значна пазьней ад моманту кампрамэтацыі. І ў той сыстэме ўлады, якая зараз усталявана ў Беларусі, уплывовасьць асобы ўнутры ўладнай групоўкі часам не залежыць ад займанай пасады. Мы памятаем, як спадар Шэйман пераходзіў з адной пасады на іншую і забіраў з сабой пэўную частку ўплыву. І ўплывовасьць пасады залежала ад таго, ці знаходзіцца на ёй Шэйман. І зараз тыя асобы, якія сышлі з пасадаў, цалкам не пазбавіліся ўплыву. Таму я не казаў бы, што некаторыя гучныя адстаўкі сьведчаць пра тое, што ад гэтых людзей пазбавіліся. Хутчэй за ўсё чорны сьлед, які ёсьць за гэтымі асобамі, і патрабаваньні з боку міжнародных партнэраў пазбавіцца ад гэтых асобаў — хутчэй за ўсё гэтыя нэгатыўныя фактары былі адным з элемэнтаў кадравай гульні ў вышэйшых эшалёнах беларускай улады”.
Вядома, што Эўразьвяз пакінуў у сьпісе неўязных двух чалавек, якія займаюць значныя пасады. Гэта Лідзія Ярмошына і Ўладзімер Навумаў. Ці напаткае іх лёс Шэймана, Сівакова і Паўлічэнкі, якія пайшлі ў адстаўку?
Чавусаў: “Уплывовасьць спадара Навумава і спадарыні Ярмошынай — зьявы рознай прыроды. Спадарыня Ярмошына не зьяўляецца палітычнай фігурай, нягледзячы на тое, што яна падчас выбарчай кампаніі была прадметам асноўнай увагі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Тым ня менш самастойным палітыкам яна не зьяўляецца. Гэта адміністратыўная пасада, і функцыю старшыні Цэнтравыбаркаму можа займаць любы іншы адданы рэжыму чыноўнік.
Што да пасады спадара Навумава, то гэта пасада палітычная. І ўплывовасьць Навумава палягае ня толькі ў паўнамоцтвах міністра ўнутраных спраў. Можна сказаць, што гэта адзін зь першых людзей у сыстэме беларускай намэнклятуры. І пазбавіцца ад яго ня так проста. Зь іншага боку, групоўка Навумава вельмі ўплывовая. І магчыма, што ўплывовасьць Навумава будзе разглядацца дзейным прэзыдэнтам, напрыклад, як патэнцыйная пагроза. А ў выпадку такога раскладу магчыма, што і адстаўка Навумава будзе служыць інтарэсам Лукашэнкі. Але будзе аформлена як задавальненьне патрабаваньняў Эўропы. А што да Ярмошынай, то тут чакаць спыненьня яе паўнамоцтваў датэрмінова ня варта”.
Аднак, магчыма, эўрапейцы нібыта падказваюць, хто наступны? Альбо, пакідаючы ў сьпісе неўязных Ярмошыну і Навумава, такіх нераўназначных асобаў, яны зьвяртаюць увагу на дзьве асноўныя праблемы — свабодныя выбары і палітычныя зьнікненьні?
Чавусаў: “Праблема зьніклых ня ў тым, каб гэтыя людзі пайшлі з пасадаў. А ў тым, каб адбылося расьсьледаваньне гэтых інцыдэнтаў. Тое, што Паўлічэнка сышоў з пасады, не паслужыла падставай для таго, каб яго выключыць са сьпісу неяўзных. Адпаведна, калі рэжым расьсьледуе зьнікненьні Ганчара і Захаранкі, то гэта ўжо будзе іншы палітычны рэжым. Калі Навумаў ці Ярмошына сыходзяць з пасады, то гэта абсалютна ня іншы палітычны рэжым. Гэта тая ж самая палітычная сыстэма. Я ня думаю, што эўрапейскія палітыкі настолькі недальнабачныя і павярхоўныя, каб пагадзіцца мяняць прэфэрэнцыі на палітычныя ракіроўкі ў беларускім кіраўніцтве, якія нічога не азначаюць”.