Афіцыйны Менск выказаў гатоўнасьць прыняць місію Эўразьвязу. Чаго чакаюць у Беларусі пасьля таго, як Эўразьвяз прыпыніў візавыя санкцыі?
Паводле вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіера Саляны, місія павінна ацаніць магчымасьці разьвіцьця палітычных і эканамічных стасункаў зь Беларусьсю. Калі адбудзецца гэты візыт і на якім узроўні, пакуль не паведамляецца. Беларускі міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў паабяцаў эўрапейскім лідэрам супрацоўніцтва і дакляраваў скарыстаць бліжэйшага паўгоду прадуктыўна.
Сустаршыня палітрады АДС Анатоль Лябедзька заявіў:
“Сваю пазыцыю мы даслалі ў Брусэль напярэдадні рашэньня. І мы не зьбіраемся ад яе адступаць. Зараз мы прапануем максымальна сканцэнтравацца над выпрацоўкай тых крокаў, якія павінен зрабіць афіцыйны Менск. І над стварэньнем мэханізмаў кантролю за іх выкананьнем.
Лукашэнка агучыў, што на два крокі міжнароднай супольнасьці ён гатовы рабіць пяць крокаў. Трэба цяпер ведаць пазыцыю ўсіх бакоў — што яны маюць на ўвазе пад гэтымі крокамі. Што Лукашэнка мае на ўвазе пад пяцьцю крокамі, якія нібыта хоча зрабіць? Цяпер трэба сфармаваць парадак дня і зафіксаваць час, цягам якога пункты парадку дня павінны быць рэалізаваны”.
Анатоль Лябедзька адзначыў, што пакуль невядома, на якіх умовах Эўразьвяз прыпыніў візавыя санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі. Магчыма, яснасьць у гэтай справе зьявіцца падчас плянаванай сустрэчы прадстаўнікоў дэмсілаў зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.
Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі заявіў, што адмена санкцыяў адносна Аляксандра Лукашэнкі ня будзе мець станоўчага ўплыву на сытуацыю ў Беларусі.
“Трэба было ставіць пытаньне інакш. Спачатку 6 месяцаў даць тэрмін на выкананьне пэўных умоваў, а потым ужо разьбірацца з санкцыямі. А не наадварот. Гэта вынік такой згодніцкай палітыкі часткі заходніх колаў. І, на жаль, у гэтай палітыкі знайшліся прыхільнікі тут, у Беларусі, якія гэта падтрымлівалі. Я адмоўна ацэньваю — у тым выглядзе, у якім прынятая гэта адмена санкцый.
Праблема ня толькі ў тым, што такімі рашэньнямі наносіцца моцны ўдар па апазыцыі. Праблема ў тым, што гэта ўдар па надзеях народу, што ёсьць нейкая прынцыповасьць у палітыцы. Была вера, што заходнія палітыкі маральнымі каштоўнасьцямі карыстаюцца ў першую чаргу. А калі выбары былі кепскія, а пасьля гэтага ідзе паслабленьне санкцыяў, то як гэта зразумець? Гэта пакідае шмат пытаньняў”.
Спадар Баршчэўскі лічыць, што бліжэйшым часам “будуць узмацняцца рэпрэсіі, толькі ў больш вытанчаных формах”.
Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначыў:
“Мы вітаем вызваленьне палітвязьняў у Беларусі. Але я скептычна гляджу на далейшыя рэальныя крокі з боку беларускага ўраду. І тое, што гэтыя санкцыі прыпынены на 6 месяцаў, гэта правільна. Бо за гэты час ёсьць шанец беларускаму ўраду, Лукашэнку паказаць, наколькі яны дамоваздольныя і наколькі яны гатовыя да нейкага рэальнага дыялёгу, а не да жульніцтва, якім яны прывыклі займацца ў палітыцы”.