Сёньня – 120 гадоў з дня нараджэньня Язэпа Драздовіча <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

«Язэп Драздовіч». Карціна Рыгора Сітніцы, адзін з экспанатаў выставы

На радзіму легендарнага мастака ў засьценак Пунькі, што на Глыбоччыне, сёньня выправіліся вялікія групы дзеячаў беларускай культуры і грамадзкіх актывістаў зь Менску, Віцебску ды іншых рэгіёнаў Беларусі. Цягам двух дзён яны наведаюць мясьціны, зьвязаныя зь імем Язэпа Драздовіча, паклоняцца ягонай магіле і выступяць на імпрэзах.

Імя нацыянальнага адраджэнца зь віленскай кагорты, стваральніка і выкладчыка беларускіх школаў у Заходняй Беларусі, аўтара сотняў, а мо і тысячаў (сёньня дакладная лічба невядомая) алегарычных жывапісных палотнаў і графічных аркушаў, маляваных насьценных дываноў і скульптурных барэльефаў, доўгі час пасьля сьмерці ў Савецкай Беларусі было забытае. Дый дату ягонай сьмерці ведалі толькі блізкія родзічы і сябры.

У скарбонку нацыянальнай культуры імя і спадчына Язэпа Драздовіча вярнуліся дзякуючы рупнасьці мастака Аляксея Марачкіна. Каля трыццаці гадоў таму ён пачаў шукаць на Шаркоўшчыне і Глыбоччыне творы і магілу забытага творцы. І знайшоў месца апошняга ягонага спачыну ў вёсцы Ліпляны.

“Я гэтую магілу адшукаў, арганізаваў устанаўленьне каменя там, Алесь Шатэрнік зрабіў рэльеф на ім. І мы зрабілі мэмарыялізацыю гэтай мясьціны. Стан там даволі добры – школьнікі даглядаюць магілу”.

Чаго ня скажаш пра месца нараджэньня славутага мастака – засьценак Пунькі. У 1970-я гады, калі Алесь Шатэрнік зь сябрамі адкрылі гэтую мясьціну на культурнай мапе краіны, там яшчэ былі рэшткі былой сядзібы. Расла славутая ліпа зь яго клясычнага твору, прысады, якія Драздовіч маляваў. А цяпер, – кажа Аляксей Марачкін, – ня стала і гэтага:

“Усё там зьнесьлі, усё там зруйнавалі і на гэтай мясьціне пасадзілі елачкі, бярозкі. Знаку пра Драздовіча там няма”.

Не нашмат больш пашчасьціла і адшуканым энтузіястамі творам Язэпа Драздовіча, перададзеным у адмыслова створаны ў вёсцы Гарадзец на Шаркоўшчыне грамадзкі музэй, які потым стаў дзяржаўным:

“Усе тыя экспанаты, якія я перадаў часова ў гэты музэй, прыватызавала дзяржава. Як я ні дабіваўся празь Міністэрства культуры, каб іх як-небудзь выратаваць, нічога падобнага – усё, што перапісана, усё трапіла ў рукі чыноўнікаў ад культуры, і ўжо цяпер яны гэтым апякуюцца. Ну як яны апякуюцца?.. Усё там рушыцца, з карцін адвальваецца фарба – умовы зусім не спрыяльныя для твораў мастацтва”.

А вось у мястэчку Германавічы на Шаркоўшчыне ў музэі грамадзка-асьветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, якім кіруе Ада Райчонак, сытуацыя са спадчынай славутага земляка зусім іншая, – кажа Аляксей Марачкін:

“Гэта цуд проста – настолькі ўсе экспанаты ў добрым стане, яны аберагаюцца, і людзі туды езьдзяць адусюль”.

А ў сталіцы краіны да 120-годзьдзя Язэпа Драздовіча творчая суполка “Пагоня” зладзіла камэрную экспазыцыю ў музэі гісторыі беларускай літаратуры. Вялікая выстава з нагоды гэтай даты адкрыецца 10 сьнежня ў Палацы мастацтва.