Кансэрватары і сацыял-дэмакраты Літвы па-рознаму глядзяць на Беларусь

У Літве 12 верасьня прайшлі парлямэнцкія выбары. Паводле папярэдніх зьвестак, пяціпрацэнтны бар’ер, які дазваляе ўвайсьці ў Сойм, пераадолелі сем партыяў. Як вынікі гэтых выбараў могуць адбіцца на беларуска-літоўскіх дачыненьнях?

У парлямэнт Літвы абіраюць 141 дэпутата: 70 — па партыйных сьпісах і 71 — у аднамандатных акругах. Пакуль выразнага лідэра ў парлямэнцкай гонцы няма. Усё стане ясна праз два тыдні, калі пройдзе другі тур выбараў у аднамандатных акругах. У першым туры ў акругах абралі толькі трох дэпутатаў. Для параўнаньня: у Беларусі ўсе 110 дэпутатаў сталі вядомыя ўжо ў першым туры.

Вацлаў Станкевіч
Дэпутат Сойму Вацлаў Станкевіч, які ачольвае парлямэнцкую групу супрацоўніцтва зь Беларусьсю, кажа, што ніводная партыя ня здолее атрымаць сёлета бальшыню. Таму давядзецца ствараць, як і цяпер, урадавую кааліцыю. Галоўнае пытаньне — каму гэта даручаць: кансэрватарам, якія пакуль на першым месцы, альбо сацыял-дэмакратам, якія спадзяюцца стаць першымі праз два тыдні?

Спадар Станкевіч так бачыць беларускі аспэкт у дзеяньнях новага літоўскага парлямэнту і ўраду:

“Беларусь — суседняя краіна. Мы маем шмат супольных прадпрыемстваў. Існуе вялікая зацікаўленасьць у эканамічных сувязях зь Беларусьсю. Таму гэты інтарэс будзе і надалей.

Калі кіраўнічую кааліцыю будуць фармаваць кансэрватары, то палітычна будзе адна праца зь Беларусьсю. А калі сацыял-дэмакраты, дык будзе трошкі па-іншаму. Тут я маю на ўвазе палітычны аспэкт. Кансэрватары будуць паводзіць сябе больш радыкальна ў палітычным сэнсе, чым сацыял-дэмакраты”.

Лявон Баршчэўскі
У Партыі БНФ зь літоўскімі кансэрватарамі — партнэрскія стасункі. Старшыня партыі Лявон Баршчэўскі спадзяецца, што менавіта кансэрватары стануць галоўнай сілай у новым парлямэнце і ўрадзе:

“Калі на чале кааліцыі стане кансэрватыўная партыя, дык будзе больш выразная палітыка, дзе выразна падзеляцца эканамічныя і палітычныя аспэкты. Таму што кансэрватары — больш прынцыповыя палітыкі, якія не купляюцца на слоўныя абяцаньні. І ў гэтым выпадку ў нас будуць лепшыя кантакты зь літоўскім кіраўніцтвам”.

Дэпутат Сяргей Сямашка ўваходзіць у склад групы, якая займаецца беларуска-літоўскімі парлямэнцкімі дачыненьнямі ў Палаце прадстаўнікоў. Ён згадвае, што такая група існавала яшчэ ў палаце папярэдняга скліканьня:

“І я думаю, што ў Палаце прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня ўсё гэта захаваецца. Але гэта двухбаковы працэс. І ня можа быць так, што ў Беларусі мы хочам супрацоўнічаць зь літоўскім парлямэнтам, а ў Літве гэтага не захочуць. Мы ж ня зможам рухацца толькі ў адзін бок”.

Адначасова з выбарамі дэпутатаў у Літве праводзіўся і рэфэрэндум. Выбарцам задавалася пытаньне пра тое, ці згодныя яны з тым, каб Ігналінская атамная станцыя працягвала сваю працу? Паводле папярэдніх дадзеных, у рэфэрэндуме ўзялі ўдзел толькі 47% выбарцаў. Таму нельга лічыць, што ён адбыўся.