Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 30 верасьня.
Нягледзячы на тое, што праз Клыпаўшчыну праходзіць чыгунка, бадай што ўся моладзь зьехала адсюль яшчэ год 10 таму. У 44 хатах сёньня засталіся каля сотні жыхароў — у асноўным дзядуляў ды бабулек. Начальства бачаць раз на паўгода. Пра гэта ў электрычцы мне распавёў былы клыпаўчанін — 25-гадовы Зьміцер Вайцяховіч, які пражыў тут першыя 17 год. Робіць цяпер у менскай пажарнай ахове. Ехаў наведаць бабулю.
Зьміцер: “У Клыпаўшчыне моладзі было чалавек 25. А цяпер — раз, два і ўсё. Зьехалі хто ў Менск, хто гастарбайтэрамі. Сяргей Біцюкоў — у Якуцію. Косьцік Ланін — у Менск. Жэнька Сакалоў — у Дзяржынску, хоць тут хата, а там інтэрнат. Ну а куды “клыпаць” — улетку яшчэ грыбы-ягады, возера за 3 км. Хадзілі ўсёй кампаніяй. Улетку яшчэ “пашабашыць” на лецішчах, узімку — памірай з голаду...”
Карэспандэнт: “На выбары хадзіў?”
Зьміцер: “А за каго там галасаваць?! Байда поўная — я пачытаў брашуркі, што кідаюць. Улады за 10 год што твораць? Усё на адным месцы...”
Дзякуючы сотні лецішчаў, што ўзьніклі колькі год таму за некалькі кілямэтраў, тут зьявіўся прыпынак электрычкі. Побач зь ім заходжу ў пустую з раніцы краму. Загадчыца Сьвятлана Пянькоўская кажа, што абслугоўвае лецішчы ды навакольныя вёскі. Пытаюся пра дзённую выручку.
Сьвятлана: “Выручка ўлетку па мільёну, узімку і па 200 тысяч. Заробкі ўлетку 800 тысяч, узімку чыстымі 170 атрымліваем. Дзяцей за гэта не падняць — а ў мяне іх чацьвёра...”
Карэспандэнт: “Я гляджу, у чэках у вас няма сумы за той ці іншы прадукт...”
Сьвятлана: “Хацелася б мець, каб не было прэтэнзій пакупнікоў. Да крыміналу пакуль не даходзіла. Казіміраўна во заходзіць кожны дзень. Пасадзім во яе на стол і пытаем яе пра кавалераў...” (Сьмех.)
Казіміраўна: “Слухайце вы іх — дзе тут кавалеры?! Ёсьць два, і тыя ходзяць з трыма палкамі! (Сьмех.) Рабіла на палетках, 8 год на кароўніку. А пэнсіі — я 500 тысяч і ў вочы ня бачыла. Як купіць што дурнейшае — адкінеш раз на месяц, каб ежа добра ўкладалася. (Сьмех.) Ой, папала я...” (Сьмех.)
Супакоіўшы 80-гадовую бабцю Маню Казіміраўну, пераходжу на другі бок чыгункі. Ля могілак, побач з дарогай ды навакольнымі хатамі, заўважаю вялізарную кучу гною. Сустракаю пажылую кабету, якую, як высьветлілася, і шукаў. 60-гадовая былая паштарка, спадарыня Раіса Вайцяховіч — старэйшына вёскі. Яна саркастычна тлумачыць.
Вайцяховіч: “Старшыня СВК “Крутагор’е” вывез гной пад хаты — улетку праходу не было ад мух! Тут адна жыхарка, што побач з могілкамі, патрабуе іх зачыніць — экалёгію парушаюць. А мясцовыя — каб пашырыць, бо куды нас павязуць?! Раней фэрма была пад носам — экалёгію ніхто не парушаў?! Я жыву тут 25 год і ня бачыла ані разу, каб засыпалі выбоіны на дарозе. Роднага брата хавала, дык гной такі, што машына адмовілася везьці на могілкі! Давялося несьці на руках бедным. Лазьня ёсьць толькі для жывёлаводаў, для нас няма. Газу няма і ніколі ня будзе, бо трубы няма паблізу. А ўзімку для бабак і везьці газ няма сэнсу...”
Далейшую размову вядзем у хаце. Звычайна маўклівы, паводле гаспадыні, 60-гадовы папугай Топа, убачыўшы мікрафон, пачынае сакатаць. Так што далейшую размову мы ўжо вядзем утрох. Спадарыня Раіса 9 год яшчэ й дэпутат Дзяржынскага райсавету. Задаю натуральнае пытаньне.
Карэспандэнт: “За 9 год чаго-небудзь дамагліся?”
Вайцяховіч: “Нічога! Нават у Дзяржынск на сэсіі ежджу як дэпутат за свой кошт. Адымаю час толькі. А нічога канкрэтнага вырашыць не магу. Магу толькі пажаданьні жыхароў выказаць, а грошай няма...”
Да нас падыходзіць муж суразмоўніцы — спадар Анатоль, сам карэнны жыхар, цяпер пэнсіянэр. Зь ім заводзім гаману пра выбары ў парлямэнт — ён меў да гэтага дачыненьне.
Карэспандэнт: “А сёньняшніх дэпутатаў “кішэннымі” некаторыя называюць — штосьці змогуць?”
Анатоль: “Што яны дадуць, ня ведаю— я сам у выбарчай камісіі быў...”
Карэспандэнт: “А фальсыфікацыяй давялося займацца?”
Анатоль (сьмяецца): “Прыходзіш з урнай да бабкі, а бабка — “за каго галасаваць?” За таго і таго — ну і галасуюць...” (Сьмяецца.)
* * *
Наступнай у падарожжы па Клыпаўшчыне сустрэў 80-гадовую старажылку, таксама спадарыню Вайцяховіч. Зьвяртаю ўвагу цёткі Яніны, што праз хату тут адны і тыя ж прозьвішчы.
Яніна: “Вайцяховічы плюс Сайкоўскія — гэта і ёсьць уся Клыпаўшчына. Хацелі назваць Бярозаўкай — мясцовыя не прынялі. Раней не багацей, а лягчэй было — маладыя былі, гаспадарка. Хоць зь сенам хужэй — не давалі. А цяпер даюць — маладыя паўбягалі шчэ пасьля вайны, бо нічога не даваў калгас, паадразалі зямлю, а яна пустазельлем пазарастала. Ой... Гумно ў нас згарэла. Я ў сельсавет — “лесу ў нас няма”...”
Ужо не зьдзіўляюся, што прозьвішча яшчэ адной новай знаёмай — таксама Вайцяховіч. Спадарыня Станіслава — адзіная тут дасьведчаная ў гісторыі вёскі кабета. Дарэчы, у спэцыялізаваных выданьнях, у інтэрнэце знайшоў пра Клыпаўшчыну адзіную згадку — за 3 кілямэтры ад яе рэчка Карачунка. На месцы даведаўся, што тая даўно высахла. Спадарыня ж Станіслава за свае 75 адрабіла ў мясцовым калгасе, швачкай у горадзе, на чыгунцы. Памятае радавод у трох каленах. Вось яе жыцьцёвая споведзь.
Станіслава: “Нейкі быў пан Дзяковіч, арандаваў зямлю тут. Мусіць, засьценак і ўзьнік. У майго дзеда было 10 сясьцёр і два браты. Тата з 1896-га, а дзед да гэтага за 40 год нарадзіўся. З 1880-га тут помнікі стаяць. У вайну немцы раскідалі нашы хаты — 200 мэтраў не было да чыгункі. Але немцы не лютавалі, а партызанам было не дайсьці. А нашы самаахоўцы хадзілі — немцы зброю ім выдавалі. Тады прыйшлі партызаны і пастралялі тых немцаў. Самаахоўцы сказалі ім пароль ды іх прапусьцілі. І на тых, і на тых працавалі — во як было! Пасьля вайны цяжка жылося — было 7 дзяцей. Нічога не зараблялі — “палачкі” толькі ставілі. І за год скрыню бульбы дадуць. І з калгасу ня выйдзеш — старшыня даведкі ня дасьць. Куплялі, даставалі пашпарты. Сталін пахаваў!”
Карэспандэнт: “А рэпрэсаваныя былі?”
Станіслава: “Былі. У нас на могілках пліта. Напісана 70 прозьвішчаў. Дзеці бацькам паставілі. Ноччу прыехалі — пабралі Кляноўскіх, Сайкоўскіх, Вайцяховічаў...”
Карэспандэнт: “А цяпер Лукашэнку многія называюць другім Сталіным...”
Станіслава: “А што я ведаю? Я за Лукашэнку. Я жыву адна, дзед памёр. Пэнсію атрымліваю 367, дадому прыносяць. Дзякуй і за гэта...”
Карэспандэнт: “Галасаваць не хадзілі?”
Станіслава: “І хаджу, і галасую. Каб горай не было...”
Ну й сустрэча зь сямёркай адзіных, каму, як тут кажуць, жыць хораша. На невялікім пагорку — фэрма на 600 племянных кароў, што належыць СВК “Крутагор’е-Петкавічы”. Сутачнае прыбаўленьне ў вазе рагуляў — 85 грамаў. Заробляюць, хто тут робіць, як на тутэйшыя меркі, “па-багатаму” —паўмільёна. Загадчыца, 43-гадовая Тамара Янушкевіч, былы дарожны майстра, з мужам, трактарыстам Васілём, пераехала сюды 10 год таму з Гомельшчыны. Атрымлівала там 300 тысяч, ня мела жытла. Занялі палову былога клюбу. Другую заняла іхная раўналетка — даглядчыца Алена Пішэвіч з дачкой, былы вэтэрынарны ўрач. Дарэчы, Янушкевічы за гэтыя гады памянялі дабіты “масквіч” за 50 даляраў на “фольксваген-гольф” за 3000. Сабраліся разам у кабінэце загадчыцы. Сьмяемся.
Карэспандэнт: “Вы, можна сказаць, клыпаўскія арыстакраты?”
Спадарства: “Так! (Сьмяюцца.) Больш такіх няма. Тым ня менш праца ня зь лёгкіх. Падсьцілаем уручную, муку грузім у мяхах па 30 кг, сена ўручную раскідаем... На камбайне за штурвалам ня проста 12 гадзін праседзець — напруга вялікая, без выхадных... Клыпаўшчына — паміраючая вёска. Жыльля не будуюць, дзіцячага садка няма. А дзе рабіць?.. Клюб жа 15 год як зачынілі. Некалькі дзяцей самі на электрычцы ў школу езьдзяць...”
Карэспандэнт: “На выбары прыяжджалі раней да вас?”
Спадарства: “Езьдзілі ў сваю брыгаду, а да пэнсіянэраў сюды спэцыяльны аўтобус... Я асабіста чытаў кандыдатаў, дык адчуваецца набор слоў. За такога б ніколі не прагаласаваў. У нас ваенкам Шутаў ды журналістка Вагіна. Я асабіста за ваенкома зь Дзяржынску прагаласаваў...”
Карэспандэнт: “А што, на ваш погляд, будучы дэпутат можа зрабіць для Клыпаўшчыны?”
Спадарства: “Дапусьцім, па дарозе зь Дзяржынску асадка вялікая — ідзем, як па гладзільнай дошцы... А чым яны нам дапамогуць?.. А я лічу, па калгасах трэба прыбраць 13-ты заробак — гэта ненармальна! Трэба рэальны заробак кожны месяц. А так недзе штосьці зэканомяць, а ў канцы аддадуць. А няма прыбытку, нічога не дадуць...”
Карэспандэнт: “А наша маршалка — Тома, як будзеш галасаваць?”
Тамара: “За каго скажуць, за таго і прагаласую. (Сьмех.) Кармоў хапае, убіраецца чыста. Раней, як прыехалі, было лепш. Давалі ў калгасе крупу, грэчку, муку блінную, па кабану ў канцы года. 13-ты быў, што можна было хату купіць, заробак лепшы. Падаецца, што зараз ідзем ніжэй і ніжэй. Таму і людзі звальняюцца...”
Карэспандэнт: “Васіль, праз 2 гады, калі прыватызуеце клюб свой — “на ногі адсюль” ці застаняцеся?”
Васіль: “Не, не, на месцы, бо так і камень не абрасьце. А хто мяняе, у таго хамут гуляе. Раскідаецца калгас, з хаты ніхто ня выжане. Кабаноў дзяржу, каня і карову. Клыпаўшчына ўжо назаўжды...”