Палата прыняла бюджэт з дэфіцытам пад 3 трыльёны

Сёньня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім і апошнім чытаньні бюджэт краіны на 2009 год і зьмены ў падатковую сыстэму. Як адзначыў старшыня профільнай камісіі Сяргей Кісялёў, бюджэт на 2009 год будзе мець высокую сацыяльную скіраванасьць.

Бюджэт зьвярстаны з дэфіцытам у 2 трл. 800 млрд беларускіх рублёў.

Гэта дало падставу дэпутатцы Вользе Абрамавай запытаць, чаму бюджэт прымаецца з дэфіцытам, а не з прафіцытам. “Калі ў нас усе так добра і калі нашыя кіраўнікі нават прадугледжвалі ўсясьветны фінансавы крызыс і нават ведалі, што ён не закране Беларусь, то чаму мы прымаем бюджэт з дэфіцытам?” — спыталася дэпутатка.

Спадар Кісялёў адказаў, што прымаць бюджэт з дэфіцытам — гэта нармальная рэч. “У нас дэфіцыт складае 1,8% ад ВУП. І гэта добры паказчык. А тое, што наш бюджэт па выніках году выконваецца з прафіцытам, сьведчыць пра тое, што існуюць дадатковыя магчымасьці напаўняць бюджэт”.

У новым бюджэце прадугледжваецца, што ў 2009 годзе 1 тыс. куб.м газу будзе каштаваць 140 даляраў. Між тым да гэтага часу пагадненьне з “Газпрамам” на 2009 год не падпісанае. Экспэрты лічаць, што канчатковая цана можа скласьці ад 140 да 250 даляраў.

Асноўнае ў новай падатковай сыстэме - з 1 студзеня 2009 году падаходны падатак будзе аднолькавым для ўсіх – у памеры 12% заробку. Цяпер жа памеры падатку вагаюцца ад 9 да 30% заробку.