Аўстралійская і амэрыканскія акторкі, якім памежныя службы 5 кастрычніка не дазволілі ўезд у Беларусь, цяпер знаходзяцца ў Празе. Адтуль яны днямі выправяцца ў Галяндыю.
Як паведаміў кіраўнік “Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін, учора ў другой палове дня ў аэрапорце “Менск-2” зьявіліся супрацоўнікі спэцслужбаў, якія доўга дамаўляліся з прадстаўнікамі “Чэскіх авіяліній”, каб выправіць Стэфані Пан і Эстэр Мугамбі самалётам у Чэхію. Складанасьці былі ў тым, што авіякампанія патрабавала кампэнсаваць выдаткі, тады як спэцслужбы настойвалі, каб гэта было зроблена бясплатна. Толькі ўвечары пытаньне вырашылася, і акторкі адляцелі зь негасьціннай Беларусі.
Таксама стала вядома, што ў акторак не было беларускіх візаў. Фармальна візы можна атрымаць наўпрост у аэрапорце. Да таго ж у выпадку са Стэфані Пан так і павінна было быць, бо яна грамадзянка Аўстраліі, а там няма беларускай амбасады. Але праз тэлефон акторкі расказалі Мікалаю Халезіну, што беларускія памежнікі наўпрост ім заявілі: яны значацца ў сьпісах неўязных у Беларусь.
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур напярэдадні зьвярнуўся да грамадзянаў Злучаных Штатаў, якія зьбіраюцца ў Беларусь, каб тыя атрымлівалі візы ў дыпляматычных прадстаўніцтвах Беларусі загадзя, а не спадзяваліся гэта зрабіць у менскім аэрапорце.