Як, на вашую думку, зьмяніліся беларуска-расейскія дачыненьні за апошнія два месяцы пасьля вайны на Каўказе? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.
Спадар: “Па-мойму, нічога не зьмянілася, я так думаю”.
Карэспандэнт: “А што датычыць незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі?”
Спадар: “Дык яшчэ прызнае Беларусь, гэта ж ня толькі ад Лукашэнкі залежыць, гэта яшчэ павінен парлямэнт, па-мойму, гэтае пытаньне вырашаць. Гэта не рашэньне пытаньня Лукашэнкам, гэта на дзяржаўным узроўні трэба вырашаць. Калі былі гэтыя падзеі, тады, Лукашэнка якраз сказаў, што акуратненька там усё зрабілі, зь яго боку не было нейкіх там… Я думаю, усё будзе нармальна”.
Маладзён: “Ды не, не памяняліся адносіны”.
Малады спадар: “Паміж Беларусьсю і Расеяй, маецца на ўвазе? Я не сачу за гэтымі адносінамі, я сачу за становішчам у Беларусі”.
Спадарыня: “Складана сказаць, мне здаецца, трошку пагоршыліся адносіны”.
Карэспандэнт: “Праз тое, што Беларусь не прызнала незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі?”
Спадарыня: “Так-так, я думаю, што праз гэта”.
Дзяўчына: “Паміж Беларусьсю і Расеяй, мне здаецца, наўрад ці штосьці памяняецца. Ня ведаю, можа, болей шанцаў, каб паміж Беларусьсю і Эўропай адносіны былі лепшыя?”
Малады спадар: “Мне здаецца, што яны памяняліся ў лепшы бок. Чаму? Ня ведаю”.
Спадар: “Не, не памянялася абсалютна нічога”.
Малады спадар: “У нас з Расеяй заўсёды добрыя адносіны былі, я ня думаю, што дачыненьне да іх мае гэтая вайна. Я за тое, каб сяброўства нашае ўмацоўвалася. А тое, што датычыць Асэтыі, я там ня быў, меркаваць пра ўсе тонкасьці цяжка. Я за тое, каб людзі не ваявалі ўвогуле. Мне, напрыклад, грузіны падабаюцца. Калі ў арміі служыў, грузіны вельмі талковыя хлопцы былі”.
Спадар: “А куды мы адно без аднаго падзенемся? Што датычыць гэтага канфлікту і дачыненьняў Расеі і Беларусі, у Расеі няма прэтэнзіяў да Беларусі. А, з нагоды прызнаньня? Гэта пытаньне зразумелае: навошта Беларусі браць на сябе нейкую адказнасьць за крок, які зь ёю не ўзгадняўся? Вось і ўсё. Гэта было нечакана, таму пройдзе яшчэ дастаткова часу, і я ўпэўнены, што прызнаюць новыя краіны, і Беларусь у тым ліку прызнае іх. Але ў кантэксьце сваіх нацыянальных інтарэсаў”.
Малады спадар: “Гэтае пытаньне мяне цікавіць, але, мяркуючы па навінах, у адносінах нічога не памянялася”.
Спадар: “Я думаю, што яны памяняліся, можа, нават не зусім у лепшы бок. Як было сказана: прызнаньне незалежнасьці гэтых рэспублік будзе вырашаць новы парлямэнт. Карацей, мне здаецца, што адносіны памяняліся ня ў лепшы бок. Будзем спадзявацца, што яны палепшацца”.
Спадар: “Не памяняліся. Як сказаў прэзыдэнт: парлямэнт новы будзе, ён прызнае ці не незалежнасьць гэтых рэспублік”.
Спадар: “А ў зьвязку з чым яны павінны былі памяняцца? Наколькі я ведаю, Беларусь не прызнала толькі таму, што парлямэнт новы павінен прыняць рашэньне”.
Спадар: “Пуцін малойца, і тое, што мы яго падтрымалі — мы таксама малойцы. Я служыў на Каўказе, я ведаю, што для грузінаў мінус, што там знаходзіцца Саакашвілі. Лукашэнка міралюбна вытрымаў трохдзённы тэрмін, потым зрабіў заяву па адносінах Масквы з Грузіяй. Гэта плюс для беларускай палітыкі. Тое, што Пуцін прыяжджае да нас у Менск, гэта чарговае пацьверджаньне таго, што мы Расеі патрэбныя”.