У нацыянальным аэрапорце “Менск-2” другія суткі пад вартай застаюцца дзьве акторкі з Аўстраліі і ЗША.
Яны прыехалі ў Менск у рамках тэатральнага праекту “Eurepica”, у якім бярэ ўдзел беларускі “Свабодны тэатар”. Эстэр Мугамбі і Стэфані Пан былі затрыманыя на той падставе, што яны нібыта знаходзяцца ў сьпісах неўязных у Беларусь, хоць дагэтуль ніколі раней тут не былі.
Адміністрацыя лётнішча абяцае бліжэйшымі днямі выправіць акторак маршрутам у Прагу і далей у Амстэрдам, адкуль яны і прыляцелі. Аднак, як расказаў кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін, квіткі ў іх бяз права зьмены рэйсу — зь Менску яны павінны былі адлятаць толькі 12 кастрычніка. Ці патлумачылі адміністрацыі “Свабоднага тэатру”, на чыё запрашэньне Эстэр Мугамбі і Стэфані Пан і прыехалі ў Беларусь, чаму іх не ўпусьцілі ў краіну?
“Прычына ў нас заўсёды адна і тая ж. Усе, хто супрацоўнічае са “Свабодным тэатрам”, на жаль, не абаронены ад рознага кшталту
Усе, хто супрацоўнічае са “Свабодным тэатрам”, не абаронены ад рознага кшталту наступстваў ...
Мікалай Халезін нагадаў, што гэта ня першы выпадак, калі замежнікі ня могуць трапіць у Беларусь на запрашэньне “Свабоднага тэатру”. Летась васьмі іншаземным акторам, якія мелі намер узяць удзел у супольным зь беларусамі праекце, беларуская амбасада ў Нідэрляндах адмовіла ў афармленьні візаў. Сярод іх былі і згаданыя Мікалаем Халезіным кіраўнікі міжнароднай школы мастацтваў “DasArts”, якія пры канцы жніўня 2007 году былі затрыманыя падчас паказу “Свабоднага тэатра”.
5 кастрычніка выпускніцы амстэрдамскай школы мастацтваў Эстэр Мугамбі і Стэфані Пан прыляцелі ў Менск у рамках праекту “Eurepica”, у якім бяруць удзел прадстаўнікі 14 краінаў. Ён ажыцьцяўляецца ў садружнасьці з мэрыяй швэдзкага гораду Лунд, які з гэтым праектам удзельнічае ў адборы на тытул “Эўрапейская культурная сталіца 2014 году”. Першы тур рэпэтыцыяў ужо адбыўся ў Лундзе, у Менску была заплянаваная другая частка. У сакавіку наступнага году ў Швэцыі павінны былі адбыцца прэм’ерныя паказы пяці спэктакляў. Але дзяржаўнымі высілкамі другі тур фактычна сарваны.
Цяпер кіраўнікі “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін і Натальля Каляда займаюцца тым, што курсіруюць паміж Менскам і
...затрыманыя знаходзяцца фактычна на правах арыштантаў. Ежай і вадой іх ніхто не забясьпечвае...
“Мы адвезьлі ежу, таму што там нічога не працуе. Там нават няма людзей, якія б размаўлялі па-ангельску. Тое, што адбывалася ўначы, гэта ўвогуле была праблема на праблеме. Зараз яны знаходзяцца ў такім пакоі, які больш нагадвае пастарунак. Таму што звонку цябе зачыняюць, і ты ня можаш адтуль выйсьці. Калі толькі прысьпічыць у прыбіральню, то можаш пагрукаць у дзьверы, і тады цябе туды адвядуць. Як нам больш звыкла казаць — канваіруюць”.
Сёлета ў красавіку “Свабодны тэатар”, які ня мае ў Беларусі ні ўласнай сцэны, ні фінансаваньня, атрымаў самую прэстыжную тэатральную ўзнагароду кантынэнту: “Эўропа — тэатру”. У мінулым годзе калектыў быў уганараваны Міжнароднай прэміяй Францускай Рэспублікі ў галіне правоў чалавека “Свабода. Роўнасьць. Братэрства”. За тры гады існаваньня тэатар пабываў на гастролях у Нью-Ёрку, Мюнхэне, Парыжы, Лёндане. Такога гастрольнага маршруту ня меў ніводзін зь дзяржаўных беларускіх тэатраў.
Летась “Свабодны тэатар” прынялі ў Эўрапейскую тэатральную канвэнцыю, у якую ўваходзяць вядучыя тэатры больш як 20 эўрапейскіх дзяржаваў.