Сын Лукашэнкі пайшоў па сьлядах мужа Пяткевіч

Прэзыдэнцкі спартовы клюб, які ўзначальвае адзін з сыноў кіраўніка дзяржавы Дзьмітры Лукашэнка, вырашыў заняцца звышпрыбытковым лятарэйным бізнэсам.
Шыкоўную прэзэнтацыю электроннай інтэрактыўнай гульні “Спортлято 5 з 36”, якая адбывалася ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”, наведалі віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, мэр Менску Міхаіл Паўлаў (ён – намесьнік старшыні Прэзыдэнцкага спартовага клюбу).
Закрытае акцыянэрнае таварыства «Спорт-Пары” атрымала ліцэнзію на правядзеньне электронных спартовых гульняў. Справа пастаўленая з размахам. Ужо ёсьць 300 электронных тэрміналаў у 12 гарадах краіны. Да канца году ў Беларусі будзе ўсталявана тысяча тэрміналаў. Праз тры гады іх колькасьць вырасьце ў пяць разоў. Начальнік камэрцыйнага ўпраўленьня «Спорт-пары» Натальля Лысенкава распавядае:
«Інвэстыцыі ў нас даволі істотныя – парадку 20 мільёнаў даляраў на старт. Зразумела, гэта ня ўвесь аб'ём інвэстыцыяў. У першую чаргу – гэта затраты на тэхналёгію, на пакупку ліцэнзіі, бясплатная перадача тэрміналаў на пункты прадажаў. Мы вельмі вялікія рэсурсы ўкладаем у рэклямную стратэгію, таксама заплянаванае будаўніцтва ўласнай тэлестудыі. Наколькі хутка акупіцца праект – дакладна я сказаць не магу, ва ўсялякім разе, мы на гэта разьлічваем».
У Дзяржаўным рэестры нацыянальных лятарэй, які вядзе Міністэрства фінансаў, больш за 30 розных лятарэйных найменьняў. Самая прыбытковая кампанія – “Нацыянальныя спартовыя лятарэі”, якой кіруе Ўладзіслаў Пяткевіч, муж намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Пяткевіч. І вось цяпер Прэзыдэнцкі спартовы клюб, які ачольвае Дзьмітры Лукашэнка, таксама заняўся прыбытковым бізнэсам, зьвязаным з лятарэямі. Памочнік старшыні Прэзыдэнцкага спортклюбу Аляксандар Храмулёў кажа:
«Так, прэзыдэнцкі спартовы клюб валодае кантрольным пакетам акцыяў. Але ўсе прыбыткі прэзыдэнцкага спартовага клюбу, усе прыбыткі ад «Спорт-пары», «Спортлято» будуць накіроўвацца на разьвіцьцё беларускага спорту. Гэта проста ўнёсак у беларускі спорт».
Паводле падлікаў рэклямістаў, у лятарэю гуляе практычна кожны трэці беларус. Сацыёлягі кажуць, што ў асноўным гуляюць не заможныя людзі, а людзі сьціплага і сярэдняга дастатку. Але прага стаць багатым за пару тысяч рублёў можа мець зусім іншыя наступствы – залежнасьць ад захапленьня азартнымі гульнямі, якая ў псыхіятрыі называецца “гэмблінг”. Псыхіятар Ігар Сарокін тлумачыць:
«І ў маёй практыцы былі пацыенты з гульнёвай залежнасьцю. Пабудаваная большасьць гэтых гульняў на звычайная чалавечай хцівасьці. Кожнаму здаецца, што гэта іншым не шанцуе ў лятарэі, а мне павінна пашчасьціць. На звычайнай хцівасьці пабудавана, а ў савецка-беларускай рэчаіснасьці, дзе іншых шляхоў атрымаць больш-менш прыстойныя грошы, не існуе, значыць – толькі з гэтым лахатронам».
У новай інтэрактыўнай гульні стаўкі можна ставіць на суму ад 2,5 да 160 тысяч рублёў. Пакуль пра прыбыткі ад «Спортлято» казаць рана, але, да прыкладу, норма рэалізаваных квіткоў “Супэрлято” – 1,5 мільёны на кожны тыраж пры кошце ў 1,5 даляры за квіток. Нават прыблізных падлікаў хапае, каб пераканацца: кошт прызоў – нішто ў параўнаньні з тым, што застаецца заснавальнікам “гульні з народам”. Але памочнік старшыні Прэзыдэнцкага спортклюбу Аляксандар Храмулёў перакананы:
«Людзі гуляюць – яны атрымліваюць ад гэтага задавальненьне: ад працэсу гульні, яшчэ ад чагосьці. І калі гэта накіравана на нейкую добрую справу – гэта станоўчая зьява».