Прэзыдыюм Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў вырашыў правесьці інфармацыйную кампанію па выніках выбараў у Палату прадстаўнікоў і распрацаваць плян супольных дзеяньняў.
Паводле сяброў прэзыдыюму, вынікі выбараў былі сфальшаваныя: прадстаўнікоў апазыцыі не пусьцілі ў выбаркамы, да падліку галасоў, а таксама не было дэбатаў на тэлевізіі. Пасьля выбарчай кампаніі ў краіне існуе інфармацыйны голад, людзі пытаюцца, што здарылася. Таму найбліжэйшым часам аб’яднаныя дэмакратычныя сілы правядуць інфармаваньне выбарцаў.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў:
“Самае галоўнае — сказаць, што насамрэч адбылося. Бо для значнай колькасьці грамадзянаў усё засталося за кадрам. Яны прыйшлі на выбарчы ўчастак, узялі бюлетэнь, зрабілі свой выбар — і ўсё. Трэба сказаць на канкрэтных прыкладах, што насамрэч адбывалася. Цяпер улада запусьціла мэханізм прапагандысцкай машыны. І яны хочуць замацаваць у галовах людзей, што апазыцыя як бы ёсьць, але яна не карыстаецца падтрымкай. Хаця вось гэтая выбарчая кампанія якраз прадэманстравала ўсё наадварот. І нам трэба пра гэта сказаць людзям. Па-другое, нам трэба данесьці некаторыя пункты пляну дзейнасьці, што мы будзем рабіць”.
Падчас выбараў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што апазыцыі засталося літаральна некалькі месяцаў альбо гадоў, і яна “зьнікне на нашай памяці”. Актывіст руху “За свабоду” Віктар Карняенка сказаў, што ня стаў бы абыякава ставіцца да такіх пагрозаў:
“У нас ёсьць прыклады зьнікненьня палітычных апанэнтаў улады. І што ён меў на ўвазе, безумоўна, ведае толькі ён сам. Але я расцэньваю гэта як пагрозу, як выклік. І, безумоўна, апазыцыя ня зьнікне безь яго сілавога ўмяшаньня. Спадзяюся, што яго ўсё ж ня будзе. А што да падтрымкі ў грамадзтве, то гэтая падтрымка значна большая, чым можна было чакаць. Так што я ня думаю, што апазыцыя падчас гэтых выбараў паказала тое, што яна развальваецца, зьнікае”.
Першы намесьнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка падкрэсьліў, што кампанію, якая адбылася, нельга назваць выбарамі, гэта быў “галасавальны фарс”:
“Крайне важна цяпер нам, неадкладна сабраўшы ўсе канкрэтныя пацьверджаньні як парушэньняў, так і рэальнай падтрымкі дэмакратычных сілаў з боку грамадзтва, паінфармаваць гэтае грамадзтва, што мы зусім не закатаныя пад асфальт. І па-другое, брацца за барацьбу ў новых палітычных умовах напярэдадні значна больш важнай для грамадзтва прэзыдэнцкай кампаніі. І нам тут трэба правільна разьмеркаваць нашы магчымасьці і сілы. І прысьвяціць немалую іх частку патрабаваньню зьменаў выбарчых заканадаўства і практыкі. І ў гэтым сэнсе фармуляваць прапанову міжнароднай дэмакратычнай супольнасьці: чаго трэба дамагацца ад Лукашэнкі, калі б ён хацеў нейкага працягу зь ім размовы і дыялёгу”.
Віктар Карняенка назваў падрыхтоўку да прэзыдэнцкай кампаніі стратэгічнай задачай, дзе АДС павінна шукаць паразуменьня:
“Ад гэтага залежыць, ці захаваецца АДС, калі агульныя фармулёўкі па гэтых праблемных пытаньнях будуць знойдзеныя. Ці то выхад на адзінага, ці то шырокім фронтам рушыць на рэжым, некалькімі кандыдатамі. Ад гэтага будзе залежаць і сама канфігурацыя АДС. А праводзіць нейкія штучныя кангрэсы, зьбіраць людзей, каб мы там ці некага далучылі, ці нешта зьмянілі ў АДС, патрэбы няма. Галоўнае — знайсьці плян дзеяньняў на пэрспэктыву і пагадзіцца па працэдурах”.