Сёньня — Міжнародны дзень перакладчыка

Якія шэдэўры ўсясьветнай літаратуры перакладзеныя і выдадзеныя ў Беларусі апошнім часам без удзелу дзяржавы? Ці карыстаюцца яны чытацкім посьпехам?

І ці могуць усясьветныя бэстсэлеры, выдадзеныя па-беларуску, мець камэрцыйны посьпех? Гэтыя ды іншыя пытаньні наша карэспандэнтка Валянціна Аксак задала сёньня знанаму перакладчыку Лявону Баршчэўскаму і ягонаму маладому калегу Паўлу Касьцюкевічу.

Беларуская дзяржава даўно не замаўляе перакладчыкам пераствараць на родную мову нешта з усясьветнае клясыкі. У лепшым выпадку зрэдчас нешта выдае з даўно перакладзенага. Але гэта — адзінкавыя выпадкі, усё астатняе рабілася і робіцца з ініцыятывы прыватных выдавецтваў і перакладчыкаў, — кажа літаратуразнаўца і перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Лявон Баршчэўскі
“Я б адзначыў пераклад “Пахвалы дурасьці” Эразма Ратэрдамскага, зроблены Ўладзімерам Шатонам, які нарэшце зьявіўся ў сэрыі “Галерэя беларускай думкі”. Таксама я б адзначыў выбранае папулярнага сучаснага ўкраінскага пісьменьніка Юр’я Андруховіча, што выйшла пад патранатам Андрэя Хадановіча з удзелам шэрагу іншых перакладчыкаў. Канечне, я б адзначыў і выданьне выбранага Альбэра Камю з прадмовай Сяргея Дубаўца, якое выйшла ўсё ж у дзяржаўным выдавецтве”.

Да гэтага сьпісу спадар Баршчэўскі дадае яшчэ перакладзены Марыяй Мартысевіч бэстсэлер Антаніна Баяі “Зваўчэньне” і іншыя кніжкі з выдадзенай нядаўна чэскай калекцыі, а таксама пераклады польскіх клясыкаў Чэслава Мілаша, Зьбігнева Гербэрта і Рафала Ваячака, да выданьня якіх спрычыніўся сам Лявон Баршчэўскі.

Павал Касьцюкевіч, фота “Нашай Нiвы”
Ягоны малады калега Павал Касьцюкевіч адзначыў толькі адну кнігу:

“Канечне, “Дон Кіхот”, якога нядаўна пераклалі, варты як найхутчэйшага выданьня”.

Усясьветная клясыка па-беларуску цяпер, на думку Лявона Баршчэўскага, карыстаецца чытацкім попытам:

“Мы маем ужо кола беларускамоўных чытачоў, якое з свайго гаманца акупіць выдаткі выдавецтваў”.

Павал Касьцюкевіч, чый пераклад кнігі “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам” сучаснага ізраільскага пісьменьніка Этгара Керэта меў добры камэрцыйны посьпех у Беларусі, лічыць, што нашы перакладчыкі цяпер павінны вельмі чуйна рэагаваць на чытацкі попыт і апярэджваць сваіх расейскамоўных канкурэнтаў.

“Проста трэба ведаць, што перакладаць. І я думаю, што будзе посьпех, прынамсі, цікаўнасьць нейкая. Трэба апярэджваць канкурэнтаў, у дадзеным выпадку ведаць пра творы, якія перакладзеныя на расейскую мову. Думаю, што можна, прынамсі, паспрабаваць пазмагацца за чытача рыначнымі законамі. Трэба весьці рэкляму ў СМІ і даволі жыва рэагаваць на ўсе заявы чытачоў”.

Наша даведка. Міжнародны дзень перакладчыка адзначаецца 30 верасьня з 1991 году. Паводле паданьня, менавіта ў гэты дзень у 419 ці 420 годзе памёр сьвяты Геранім, які зрабіў славуты пераклад Бібліі на лацінскую мову (так званая Вульгата) і традыцыйна лічыцца заступнікам перакладчыкаў.