Сёньня адбудзецца першая для беларускага клюбнага футболу хатняя гульня ў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў УЭФА.
На менскім стадыёне “Дынама” сустрэнуцца супернікі з розных футбольных “абоймаў” эўрапейскага футболу: дэбютант такога ўзроўню спаборніцтваў БАТЭ з Барысава і адзін з найбольш вядомых клюбаў сьвету – “Ювэнтус” зь італьянскага Турыну. Гульня выклікае вялізны інтарэс, і адміністрацыя сталічнага стадыёну абяцае аншляг. Ці ёсьць у барысаўскае каманды шанец парадаваць сваіх заўзятараў?
Для БАТЭ гэта другая гульня ў сёлетнім розыгрышы групавога турніру Лігі чэмпіёнаў. Два тыдні таму барысаўцы дэбютавалі ў самым прэстыжным эўракубку матчам супраць мадрыдзкага “Рэалу” і прагназавана прайгралі 0:2.
Напярэдадні гульні ў Менску галоўны трэнэр барысаўцаў Віктар Ганчарэнка заявіў: каманда будзе намагацца гуляць на “добры вынік”. Такім у прыватнасьці, лічыцца нічыя, аднак у адсутнасьць з-за траўмы асноўнага брамніка “старой сіньёры” Буфона беларусы не пакідаюць спадзяваньняў і на лепшы вынік.
Футбольны камэнтатар матчаў Лігі чэмпіёнаў Уладзімер Навіцкі таксама схільны лічыць: і ў футболе ёсьць месца, як ён кажа, спартоваму подзьвігу:
“Барысаўскі клюб зробіць усё магчымае, каб цалкам годна, як гэта было на “Сант’яга Барнабэу”, выглядаць і перад сваім гледачом. З аднаго боку, у вядомым сэнсе будзе перашкаджаць псыхалягічны ціск – ніхто не адмаўляе, ён сапраўды будзе. Але мне здаецца, барысаўская каманда ўжо прызвычаілася да таго (даруйце, тут штамп узгадаю), што ў жыцьці заўсёды ёсьць месца подзьвігу. Таму рызыкну толькі на такі прагноз: нам ня будзе сорамна за нашу каманду. Вельмі хачу верыць, што яна будзе выглядаць варта. Ну, а ўжо далей, як кажуць, усё прадвызначыць тысяча і адна дробязь”.
Карэспандэнт: “Фактар свайго поля заўсёды мае немалое значэньне. Для барысаўцаў “Дынама” – усё ж не сваё поле...”
Навіцкі: “Учора позна ўвечары праглядаў па адным са спадарожнікавых каналаў агляд Лігі чэмпіёнаў. Чамусьці яны лічаць, што матч адбудзецца ў Барысаве, прагучала такая сэнтэнцыя: на жаль, усяго каля 6 тысяч гледачоў могуць стаць сьведкамі гэтага матчу непасрэдна на стадыёне. Пакінем на сумленьні калегаў... Так, стадыён быццам ня свой, гульцы БАТЭ нават ня любяць цяжкі траўнік “Дынама”, але заўзятары – свае, родныя. Напэўна, яны знаёмымі словамі падтрымкі ня могуць не надаць нейкія дадатковыя сілы нашым землякам”.
Барысаўская каманда ўжо прызвычаілася, што ў жыцьці заўсёды ёсьць месца подзьвігу.
Не сакрэт, што бальшыня заўзятараў, якія хацелі б на ўласныя вочы пабачыць гульню паміж БАТЭ і “Ювэнтусам”, такой магчымасьці пазбаўленыя. Схема рэалізацыя квіткоў на матч ужо абрасла скандальнымі падрабязнасьцямі. У вольным продажы білеты прадаваліся толькі некалькі гадзінаў 19 верасьня, пасьля чаго таямніча зьніклі. Усе спробы высьветліць, хто “прысабечыў” дзясяткі тысяч квіткоў, натыкаліся на адсыланьне ад аднаго зацікаўленага боку да іншага. Пэўная квота на разьмеркаваньне квіткоў ёсьць у футбольнага клюбу БАТЭ, яшчэ частку “аслупавала” менскае турыстычнае агенцтва, стаўшы камэрцыйным пасярэднікам паміж стадыёнам і гледачамі. Рэшту, як потым аказалася, скупілі па безнаяўным разьліку прадпрыемствы і спэкулянты. Яшчэ на мінулым тыдні квіткі на матч можна было набыць з пераплатай у 5-10 разоў, кошты ў прэстыжныя цэнтравыя сэктары даходзілі да 200 даляраў.
Тым часам на спартовых інтэрнэт-парталах аматары футболу найбольш абураюцца, што за такія грошы квіткі могуць застацца нераскупленымі, а вакантныя месцы ўрэшце зойме “масоўка” зь ліку міліцэйскіх і вайсковых курсантаў ці сябраў БРСМ, якіх звычайна зганяюць для падтрымкі патрыятычнага духу, “узбройваючы” дзяржаўнымі сьцягамі.
Як бы там ні было, крытыка хоць запозьнена, але падзейнічала: у Фэдэрацыі футболу Беларусі запэўнілі, што ад наступнага хатняга матчу рэалізацыя квіткоў будзе адбывацца пад пільным наглядам фэдэрацыі.
Па выніках жэраб’ёўкі ў групе “Н” Лігі чэмпіёнаў процістаіць беларусам мадрыдзкі “Рэал”, турынскі “Ювэнтус” і санкт-пецярбурскі “Зэніт”. Адолець хоць бы адзін з гэтых клюбаў – ня толькі ўславіць беларускі футбол: кожнае здабытае ў гульні ачко мае фінансавыя дывідэнды. Перамога ацэньваецца ў 600 тысяч эўра, нічыя – у 300 тысяч. Сур’ёзнае стымуляваньне прадугледжанае за выхад у наступную стадыю спаборніцтваў. 5 мільёнаў эўра каманда ўжо атрымала за пападаньне ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў.