Мечыслаў Грыб мяркуе, што нічога добрага незалежнаму беларускаму грамадзтву пасьля парлямэнцкіх выбараў чакаць не варта.
“Праз некалькі дзён пасьля заявы АБСЭ мы даведаемся, што скажа аб беларускіх выбарах кіраўніцтва Эўразьвязу і ЗША. Ад гэтага будзе залежыць і тое, што будзе адбывацца і на Беларусі. Я асабіста нічога добрага тут ня бачу. Ніякага паляпшэньня, ніякай адлігі ў дэмакратыі і правах чалавека на бліжэйшым гарызонце няма. Усё ідзе не да гэтага, а наадварот”.
Заявы беларускіх ўладаў аб празрыстасьці і дэмакратычнасьці выбараў у Палату прадстаўнікоў былы сьпікер Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб лічыць дымавой заслонай, туманам, у якім хавалася тое, што рабілася на справе.
“Я не разумею А.Лукашэнку як кіраўніка. Пачаўшы гэтую гульню, можна было б працягваць далей. Але ён баіцца нават каго-небудзь дапусьціць у гэты парлямэнт. Мне падаецца, што ён распачаў гульню ў кірунку Захаду на прызнаньне выбараў, а потым яе і перарваў, згуляў шахматнай дошкай па галаве”.