Сёньня раніцай старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына абвясьціла вынікі галасаваньня: абраныя дэпутаты ва ўсіх 110 акругах. Сярод іх няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі.
Новы парлямэнт выглядае яшчэ больш бюракратычна-чынавенскім за цяперашні. Сярод новых дэпутатаў — чыноўнікі з Адміністрацыі прэзыдэнта, кіраўнік Віцебскага аблвыканкаму, намесьнікі старшыняў аблвыканкамаў шэрагу абласьцей, чыноўнікі гарадзкога і рэгіянальнага ўзроўняў. Як заўжды, у Палату прыйшлі лекары і пэдагогі, юрысты і супрацоўнікі сілавых структураў, кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў.
У новым парлямэнце будуць два артысты — да Генадзя Давыдзькі далучаецца Сьвятлана Сухавей. Дэпутатам стаў і адзін журналіст — Іван Багацька са Стоўбцаў. Працягнуць працу 29 дэпутатаў папярэдняга скліканьня. Жанчын будзе столькі ж, як і раней — 33.
Ня будзе ў Палаце прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня толькі апазыцыянэраў.
Лідзія Ярмошына кажа пра гэта так:
“Апазыцыйнасьць напярэдадні выбараў стала ў Рэспубліцы Беларусь нямоднай. І некаторыя кандыдаты выходзілі з партый, каб у бюлетэнях не было спасылак на партыйнасьць кандыдатаў. Таму казаць, што гэта быў сьцяг і пад ім годна ішлі ў парлямэнт, не даводзіцца”.
Палітолягі зьвярнулі ўвагу на тое, што ў новую палату не патрапілі нават два цяперашнія дэпутаты, якіх называлі парлямэнцкай фрондай — Вольга Абрамава і Віктар Кучынскі. Менскі палітоляг Вацлаў Арэшка тлумачыць гэта так:
“Шчыра кажучы, апошнім часам у мяне ўжо складалася ўражаньне, што, найхутчэй, Лукашэнку не спатрэбяцца ў парлямэнце, так бы мовіць, людзі збоку. Улады вырашылі, што і так усё пройдзе, то бок ёсьць некаторыя касмэтычныя зьмены, ёсьць імітацыя сапраўдных зьменаў. І таму няма абсалютна ніякага сэнсу прапускаць нейкіх падазроных людзей у парлямэнт. Таму што для Лукашэнкі гэта адчуваньне паразы.
Я думаю, з аднаго боку, тут ёсьць чарговая спроба падмануць Эўропу. З другога боку, я думаю, тут ёсьць псыхалягічны падыход — ён ня можа бачыць супернікаў, ня можа бачыць, што ён быццам нешта здае”.
Палітоляг Аляксандар Лагвінец адзначае, што гэтым разам цэнтральныя і рэгіянальныя ўлады сумесна вызначалі дэпутатаў:
“На маю думку, гэта адлюстраваньне як цэнтральнай палітыкі беларускіх уладаў, так і пэўных дзеяньняў мясцовай намэнклятуры. Рашэньне пра тое, хто будзе кандыдатам і дэпутатам ад той ці іншай мясцовасьці, часткова прымалася і на мясцовым узроўні. І тут мясцовая намэнклятура, якая атрымала пэўны карт-блянш, вырашыла не гуляць ня толькі з кандыдатамі ў дэпутаты, але і з тымі дзейнымі дэпутатамі, якіх яны калісьці падтрымлівалі”.
Новы парлямэнт пачне працу, як патлумачыла сёньня Лідзія Ярмошына, не пазьней як праз 30 дзён пасьля 28 верасьня. А ў чацьвер, 2 кастрычніка, на сваю апошнюю сэсію зьбіраюцца дзейныя дэпутаты. Яна мае разгледзець 40 пытаньняў, галоўнае зь якіх — прыняцьцё праекту бюджэту на 2009 год.
Сёньня ж у Менску адбылася і прэсавая канфэрэнцыя назіральнікаў за выбарамі ад СНД. Яны заявілі, што гэтыя выбары адпавядаюць ня толькі беларускаму заканадаўству, але і міжнародным стандартам. А нязначныя хібы, найперш тэхналягічнага і арганізацыйнага характару, як заявілі назіральнікі ад СНД, не маглі паўплываць на волевыяўленьне грамадзянаў Беларусі.