Місія АБСЭ па назіраньні за выбарамі ў Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якой зьняпраўдзіла інфармацыю, пададзеную ўчора па беларускіх тэлеканалах БТ і ОНТ.
Як гаворыцца ў заяве, тэлеканалы паказалі выступ кіраўніка Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, пасла Янеза Ленарчыча. Нібыта спадар Ленарчыч заявіў, што доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЭ “не знайшлі якіх-небудзь істотных парушэньняў”.
Насамрэч жа спадар Ленарчыч сказаў, што назіральнікі “выявілі важныя недахопы ў перадвыбарчы пэрыяд”.
Сёньня а 15-й гадзіне ў гатэлі “Беларусь” місія АБСЭ прадставіць вынікі свайго назіраньня за выбарамі ў Беларусі і свае высновы. Чакаецца, што на прэсавай канфэрэнцыі выступяць віцэ-прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і спэцкаардынатар кароткатэрміновых назіральнікаў Ан-Мары Лізэн і кіраўнік місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ пасол Герт Арэнс.
АБСЭ накіравала больш за 450 міжнародных назіральнікаў з 43 краінаў. Ад Бюро ў Беларусь прыбыло больш за 320 кароткатэрміновых назіральнікаў, 58 экспэртаў і доўгатэрміновых назіральнікаў. Таксама прысутнічалі 66 парлямэнтароў і супрацоўнікаў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.