Напярэдадні выбараў мы прапанавалі нашым слухачам стаць грамадзкімі карэспандэнтамі Свабоды ды паведамляць пра тыя дэталі галасаваньня і выбарчага працэсу, якія не адпавядаюць закону. Сёньня з намі зьвязаўся настаўнік зь мястэчка Краснапольле Расонскага раёну Ялесь Яжэвіч і паведаміў пра тое, што ён вырашыў ня браць удзел у выбарах. З Алесем Яжэвічам з Краснапольля гутарыць Алена Ціхановіч
Ціхановіч: Скажыце, якая была рэакцыя ўладаў на ваша рашэньне ня браць удзелу ў выбарах?
Яжэвіч: Вельмі дзіўная, гэта маё пэрсанальнае рашэньне і я быў вельмі зьдзіўлены, што пасыпаліся званкі сьпярша з выбарчай акругі, потым мая дырэктрыса пачала мне пагражаць усімі магчымымі непрыемнасьцямі, калі толькі я не прыму ўдзел у выбарах. А ў 19 гадзін сёньняшняга дню ўвечары пазваніў старшыня аддзелу раённай адукацыі і сказаў, што калі не, то да пабачэньня.
Ціхановіч: Такім чынам яны пагражалі, што вас пазбавяць працы?
Яжэвіч: Я гэта зразумеў так: Тым больш, што я ўжо тры гады быў без працы і вакансіі былі, працавалі людзі без вышэйшай адукацыі ў школах у нас, у ваколіцах. Мяне з вышэйшай адукацыяй ня бралі на працу толькі таму, што я беларускамоўны.
Ціхановіч: Скажыце, чаму вы вырашылі ня браць удзел у выбарах, чым вы абгрунтавалі такую сваю пазыцыю?
Яжэвіч: Менавіта тым, што жыцьцё год ад году ўсё горшае - цэны растуць, зарплата застаецца ранейшай, вельмі мізэрнай. У мяне год назад зарплата была 350 000 рублёў, пры тым што я працаваў 6 дзён поўнай нагрузкі, не было няводнай люстэркі.
Ціхановіч: Які прадмет вы выкладаеце?
Яжэвіч: Я, настаўнік нямецкай мовы, выкладаю фізкультуру.
Ціхановіч: І яшчэ такое пытаньне: вось вы вырашылі ня браць удзел у выбарах, але ці вы ведаеце хто балятуецца па вашай акрузе і ці ёсьць увогуле магчымасьць выбару? Менавіта па вашай акрузе?
Яжэвіч: Я ведаю, што па маёй акрузе балятуюцца два дэпутаты, я слухаў інтэрвію іх па тэлебачаньні. У мяне ёсьць дэпутат, якому я сымпатызую. Але калі выбары свабодныя, дэмакратычныя і кожны мае права свабоднага волевыяўленьня, дык маё волевыяўленьне было не гуляць у гэту гульню больш. Таму што я ў пройгрышы застаюся і таму я вырашыў не пайсьці і мне вельмі дзіўна, чаму такі татальны, калясальны прэсінг адбыўся.