Сёньня на выбарчых участках галасавалі Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Казулін і Анатоль Лябедзька.
Узорным выбарнікам выявіўся першы кіраўнік незалежнай Беларусі, экс- старшыня Вярхоўнага Савету, а цяпер кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Адзінцоўскай выбарчай акрузе № 101 Менску Станіслаў Шушкевіч. На ўчастак па месцы жыхарства ён прыйшоў неўзабаве пасьля яго адкрыцьця. Праўда, прызнаецца, што прычына — не ў жаданьні як найхутчэй выканаць абавязак, а ў неабходнасьці ад’езду з чарговай лекцыяй за мяжу. Нават давялося ахвяраваць вясельлем пляменьніка.
Апошнім часам спадар Шушкевіч збольшага ігнараваў палітычныя кампаніі. Ці не азначае ягоны сёлетні ўдзел у выбарах, што насамрэч акрэсьлілася лібэралізацыя выбарчага працэсу?
“Не, гэта нічога не азначае. Паколькі наша партыя ўдзельнічае ў гэтых выбарах (у нас сёньня выстаўлена 7 кандыдатаў), мне было проста няёмка не прымаць у гэтым удзелу. Хоць я асабіста лічу, што гэта марнаваньне часу”.
Карэспандэнт: “Якія думкі адносна лічбаў датэрміновага галасаваньня?”
“Ведаеце, фальсыфікацыі будуць ня толькі падчас датэрміновага галасаваньня, але і ў іншых выпадках, таму што заўважце: на 152 выбарчыя ўчасткі прыходзіцца адзін прадстаўнік дэмакратычных партый. Такога вар’яцтва нідзе і ніколі не было ў сьвеце. У нас працягваецца маразматычная ўлада і маразматычныя так званыя выбары. Выбараў няма. Ёсьць галасаваньне, вынікі якога ўлады могуць зрабіць любымі”.
Карэспандэнт: “Эўропа ў пэўным сэнсе дэзарыентаваная гэтымі выбарамі?”
“Эўропа даўно ўжо дэзарыентаваная. Там вельмі дрэнна разумеюць, што ў нас адбылося. Я нагадаю, што перад тым, як мы канстатавалі, што Савецкі Саюз спыніў існаваньне, ніхто іншы, як прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш за месяц да Белавескіх пагадненьняў казаў: “Амэрыка ня ўспрыме дзяленьня СССР”, бо ён не ўяўляў, што гэта можа абысьціся без крыві. І сёньня Эўропа таксама ня вельмі разумее сытуацыю. Я ўчора выступаў перад эўрапейскімі назіральнікамі АБСЭ і думаю, што акрамя палякаў, чэхаў і прыбалтаў, як мы называем эстонцаў, латышоў і літоўцаў, астатнія вельмі дрэнна разумеюць, што ў нас адбываецца”.
Пасьля гэтай гутаркі Станіслава Шушкевіча запыніла група супрацоўнікаў выбарчай камісіі, якія якраз выйшлі на вуліцу папаліць. Пачалі вітацца з былым сьпікерам, а адзін гучна вымавіў: “Станіслаў Станіслававіч, мы вас памятаем. Удачы вам!” Астатнія згодна заківалі галовамі.
Іншай пазнавальнай асобай на выбарчых участках быў нядаўні палітзьняволены № 1 Аляксандар Казулін. Спачатку ён наведаў свой участак, а пасьля назіраў, як галасавала старэйшая дачка — кандыдатка па Сухараўскай акрузе № 102 Менску Вольга Казуліна. Свой голас яна аддала за камуніста Сяргея Калякіна — аднаго з сустаршыняў кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.
Карэспандэнт: “Вольга, Аляксандар Лукашэнка — прыхільнік таго, каб у парлямэнце было як мага больш жанчын. Гэта можа вам неяк паспрыяць?”
“Думаю, я не адношуся да ліку тых жанчын, якіх ён хоча бачыць у парлямэнце. Ён хоча бачыць дарослых, ягонага ўзросту — ціхіх, спакойных, якія бяз санкцыі ня зробяць кроку ўправа ці ўлева. Я адназначна да гэтага ліку не адношуся”.
Карэспандэнт: “Вы, маладая жанчына, мэтанакіравана ідзяце ў палітыку. Гэта наступствы ўсяго, што зьвязана з вашым бацькам?”
“2,5 гады таму, калі яго пасадзілі, гэта быў вымушаны крок. У мяне не было выбару, я павінна была яго ратаваць, мусіла ратаваць нашу сям’ю. Але калі я сутыкнулася з той сваволяй, якая творыцца ў нас у Беларусі, я зразумела: тут альбо трэба жыць і змагацца, альбо зьяжджаць. А паколькі Бог даў нам жыць менавіта ў гэтай краіне, значыць, усё ж трэба жыць і змагацца. Тым больш што я маладая, у мяне наперадзе яшчэ шмат часу. Калі не прайду цяпер, то здолею прайсьці на наступных выбарах”.
У Аляксандра Казуліна, які з аб’ектыўных прычынаў апынуўся па-за бортам чарговай выбарнай кампаніі, я пацікавіўся: ці жадае ён палітычнай кар’еры для сваёй дачкі?
“Я думаю, што для юнай дзяўчынкі акунацца ў хвалю цынізму, хлусьні наўрад ці варта. Гэта ноша непад’ёмная, цяжкая. Але калі лёсу так заўгодна, што ёй давядзецца гэта рабіць, то штосьці давядзецца несьці, хоць, яшчэ раз кажу, будзе гэта вельмі складана... Мяркую, шанцы на тое, што мая дачка можа стаць дэпутатам парлямэнту, вельмі блізкія да нуля. У сілу хоць бы таго, што наўрад ці цяперашні беларускі палітычны рэжым дапусьціць, каб прозьвішча Казуліна было ў парлямэнце. Таму што ўжо сам факт гэтага — сур’ёзная падстава, каб пачаліся іншыя працэсы”.
Найбольшую прысутнасьць дэмакратычных кандыдатаў на дэпутацкіх выбарах забясьпечыла Аб’яднаная грамадзянская партыя — 18 чалавек. Колькасьць магла быць яшчэ большай, каб пяць сябраў АГП на знак пратэсту дачасна не зьняліся з дыстанцыі ўжо ў рангу кандыдатаў у дэпутаты.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька вылучаецца і галасуе ў сталічным мікрараёне “Вясьнянка”. Да гімназіі, дзе дысьлякаваны выбарчы ўчастак Старавіленскай акругі № 105, увага асаблівая. Міліцыянтаў тут больш, чым у іншых месцах, яны старанна пазначаюць журналістаў, не дазваляюць групавацца на тэрыторыі. Падвышаная пільнасьць тлумачыцца лёгка: у гімназіі вучыцца Вікторыя Лукашэнка — унучка кіраўніка краіны, ад нядаўняга часу яшчэ і актрыса кіно. З гэтай прычыны сутычкі з адміністрацыяй гімназіі ў Анатоля Лябедзькі пачаліся яшчэ з раніцы:
“Быў інцыдэнт зранку. Прыйшла дырэктарка гімназіі — а гімназія ж асаблівая, тут лепшыя дзеці краіны займаюцца — і наўпрост на маіх назіральнікаў пачала “наяжджаць”: я вам забараняю, каб вы рабілі адзнакі, колькі людзей прыйшло і прагаласавала. Я якраз быў побач і кажу: жанчына, прабачце, а вы хто? Яна з выклікам — дырэктарка гімназіі. Я кажу, вы далёка пойдзеце, але чаму перашкаджаеце працаваць? “Я дырэктарка гімназіі і мушу наглядаць за парадкам”. Яна ў панядзелак можа тут быць гаспадыняй, а сёньня, калі ідзе выбарчая кампанія, яе тут не павінна быць увогуле. Але вось такі адміністратыўны рэсурс зыходзіць нават ад адміністрацыі ўстановы”.
Карэспандэнт: “А рэкордныя лічбы датэрміновага галасаваньня — чаканыя?”
“Прынамсі, не нечаканыя. Там, дзе студэнты, дзе людзі прывязаныя да інтэрнатаў, ня маюць свайго жыльля, там прыкладна пад 40% прагаласавалі датэрмінова. Там, дзе людзі больш незалежныя, — на ўзроўні 10—15%. Але ў нас ёсьць самы перадавы ўчастак — гэта там, дзе галасуе Аляксандар Лукашэнка, яшчэ ўчора было за 50%. І дзякуй Богу, што толькі за 50, бо калі б там было 80, то дзе сёньня 40, было б 60. Прапорцыі былі б менавіта такія”.