Назіральнікі сьведчаць пра прымус на датэрміновым галасаваньні

Каардынатар назіральнікаў ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандар Бухвостаў паведаміў пра першыя зафіксаваныя парушэньні.

Назіральнікі ад АДС сьведчаць пра масавы прымус да датэрміновага галасаваньня. Рабочыя, якія жывуць у інтэрнатах, скардзіліся на вялікі ціск з мэтай прымусіць іх ісьці на датэрміновае галасаваньне. Паводле Бухвостава, там ставілася задача, каб датэрмінова прагаласавала 70%. Такая ж сытуацыя назіралася ў студэнцкіх інтэрнатах. Да прыкладу студэнтаў БДУІР, якія не прагаласавалі, не пускалі ў інтэрнат. У БНТУ ставілася задача, каб датэрмінова прагаласавалі 100%. Да прыкладу па Коласаўскай акрузе на двух участках за чатыры дні прагаласавала больш за 90%.

У Рэчыцы сябру выбаркаму Алегу Шабетніку адмовілі ў праве падпісваць бюлетэнь для галасаваньня. Звычайна яго падпісваюць тры сябры камісіі. Паводле Бухвостава, тут прычына хутчэй ў тым, што "трэба сфальшаваць, нейкія бюлетэні трэба замяніць, а яны павінны быць падпісаныя".

Каардынатар назіраньня па Менскай вобласьці Мікалай Пахабаў апавёў, што ў Слуцкай выбарчай акрузе міліцыянты дапамагалі выбарцам на датэрміновым галасаваньні прагаласаваць за "патрэбнага" чалавека. Гэта было на ўчастку №7 і №29.Была нават пададзеная скарга. У Пухавіцкай акрузе №73 сябры ўчастковай камісіі таксама прапаноўвалі такія паслугі выбарцам. У Жодзінскай акрузе таксама сябры ўчастковай камісіі прасілі прагаласаваць за канкрэтнага кандыдата ад улады.

Мікалай Пахабаў таксама апавёў, што на заводзе БАТЭ адміністрацыя агітавала галасаваць датэрмінова. Жыхары інтэрнату завода БАТЭ павінны былі адзначацца ў камэнданта, што яны прагаласавалі.

Сёньня ў Барысаве на выбарчай акрузе №62, дзе балятуецца Анатоль Букас, давераных асобаў не пусьцілі на ўчастак для галасаваньня нібыта за тое, што яны там не зарэгістраваныя. Хаця давераныя асобы маюць права прыходзіць у любы час на любы ўчастак.