Больш за мільён выбарцаў ужо прагаласавалі

Сяргей Альфер: “Колькі патрэбна бюлетэняў — укінулі і правялі ў дэпутаты свайго кандыдата”.

Сёньня апошні дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня. І хоць яно скончыцца толькі а 19-й гадзіне, ужо можна казаць пра новы рэкорд – сёлета за чатыры дні прагаласавала болей выбарцаў, чым на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах за ўсе пяць дзён датэрміновага галасаваньня. Пра гэта красамоўна сьведчаць наступныя лічбы: 18,8% сёлета і 17,39% чатыры гады таму.

Пачынаючы зь першага дня папярэдняга галасаваньня, найбольшая актыўнасьць фіксуецца ў Віцебскай вобласьці. Тут ужо прагаласавалі 22,6% ад усіх выбарцаў. Найменшы паказьнік у Менску – 16,9%.




Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік адзначае:

“Чым бліжэй выбары, тым больш людзей пачынаюць пра іх думаць. І калі ў першы дзень мы мелі 2,7%, дык у другі дадалося крыху болей за 4%, пасьля — 5%, а за ўчорашні дзень мы мелі ўжо прырост на 6,5%. Тэмпы нарастаюць. І таму сёньня працэнт росту будзе, мабыць, большы за ўчорашні”.

Сяргей Альфер
Спэцыяліст у галіне выбараў Сяргей Альфер кажа, што пры ацэнцы датэрміновага галасаваньня ў Беларусі трэба браць да ўвагі не адну, а дзьве лічбы:

“Першая - гэта тая, якую назаве Цэнтральная камісія пасьля датэрміновага галасаваньня. І другая, якую атрымліваюць назіральнікі на выбарчых участках. І вось гэтая лічба ў розных абласьцях будзе дзесьці паміж 25 і 40 працэнтамі.

Такім чынам, лічба, якую называе ЦВК, зьяўляецца больш-менш рэальнай. А розьніца між тымі лічбамі, якія атрымаюць назіральнікі пасьля падлікаў па абласьцях, дасьць магчымасьць сказаць, што вось на такі працэнт датэрміновае галасаваньне сфальшаванае. І гэтую розьніцу мы мелі ў 2000-м годзе, мы мелі яе і ў 2004-м годзе. І я абсалютна ўпэўнены, што гэтую розьніцу мы будзем мець і ў 2008-м”.

Сваю ўпэўненасьць спадар Альфер тлумачыць так:

“Паводзіны мясцовых органаў улады абсалютна не залежаць ад паводзінаў Цэнтральнай камісіі. Яны робяць выбары так, як прывыклі рабіць раней: колькі патрэбна бюлетэняў — укінулі і правялі ў дэпутаты свайго кандыдата. І цяпер яны зробяць тое ж самае. Нават нягледзячы на міжнародную сытуацыю, якая зьмянілася, на жаданьне ЦВК альбо якой-небудзь Эўропы”.