Учора група кангрэсмэнаў ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый сустрэлася з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам у Белым доме, каб абмеркаваць меры супрацьдзеяньня востраму фінансаваму крызысу, які ахапіў Амэрыку ў апошнім часе.
Але перамовы ператварыліся ў абмен абвінавачаньнямі паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі, паставіўшы пад пытаньне лёс прапановы ўраду выдаткаваць 700 мільярдаў даляраў на ратаваньне фінансава-банкаўскага сэктару.
Перад сустрэчай зь лідэрамі Сэнату і Палаты прадстаўнікоў ды кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта, Баракам Абамам і Джонам Маккейнам, прэзыдэнт Буш аптымістычна выказваўся наконт шанцаў падтрымкі прапанаванага міністрам фінансаў Гэнкам Полсанам і кіраўніком цэнтральнага банку ЗША Бэнам Бэрнэнкі антыкрызыснага пакету коштам 700 мільярдаў даляраў.
"Я хачу падзякаваць духу двухпартыйнага супрацоўніцтва, які запанаваў тут у Вашынгтоне. Адна рэч, якую амэрыканскі народ павінен ведаць, гэта тое, што ўсе мы вакол гэтага стала ставімся да гэтага пытаньня вельмі сур’ёзна,” — сказаў Буш журналістам.
"Мы ведаем, што нам трэба прыняць меры як мага хутчэй. І гэтае спатканьне зьяўляецца спробай пасунуць працэс наперад".
Але, паводле сьведчаньняў удзельнікаў, сустрэча хутка ператварылася ў вострую сварку і разладзілася, калі рэспубліканцы з Кангрэсу запрапанавалі іншы плян супрацькрызысных мераў, чым іхны ўласны ўрад. Пабойваючыся гневу сваіх выбаршчыкаў, рэспубліканскія кангрэсмэны запрапанавалі значна меншую суму на падмацаваньне каштоўных папераў, зьвязаных з сумнеўнымі банкаўскімі пазыкамі на закуп жыльля, якія, паводле экспэртаў, і спарадзілі цяперашні крызыс.
Апошняй ахвярай фінансавага крызысу ў ЗША стаў найбольшы амэрыканскі ашчадны і пазыкавы банк, Washington Mutual, які быў закрыты ўладамі 25 верасьня, а яго актывы распрададзеныя.
Фінансавы крызыс паставіў пад пытаньнем і лёс першых выбарчых дэбатаў паміж прэзыдэнцкімі кандыдатамі Абамам і Маккейнам, якія папярэдне былі заплянаваныя на сёньняшні вечар ва Ўнівэрсытэце Місісіпі. Дэмакрат Абама хоча, каб дэбаты адбыліся. Рэспубліканец Маккейн дагэтуль ухіляўся ад адназначнага адказу, прапануючы адкласьці іх з увагі на фінансавы крызыс. Мяркуецца, што зьяўленьне канкурэнтнага антыкрызыснага пляну ў Рэспубліканскай партыі можа пашкодзіць прэзыдэнцкаму рэйтынгу Маккейна.