Сёньня датэрміновае галасаваньне ў Беларусі адбываецца на 6,5 тысячы выбарчых участках. Кантралююць ход гэтай кампаніі амаль 2,5 тысячы апазыцыйных назіральнікаў. Якія галоўныя парушэньні яны адзначаюць?
Назіральнік у Горадні ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Раман Юргель перадусім адзначае факты накіраваньня выбарцаў на ўчасткі пад прымусам.
Каб выбарцы не разьбягаліся, замаўляюць аўтобусы
“На вытворчым аб’яднаньні “Хімвалакно”, дзе працуе каля пяці тысяч чалавек, і на заводзе “Белкард”, дзе тры з паловай тысячы, замовілі аўтобусы для арганізаванай адвозкі працаўнікоў да выбарчых участкаў па месцы жыхарства. Каб людзі галасавалі. Каб была яўка, пра якую спадарыня Ярмошына ў сваіх прамовах даводзіць — прыкладна 80—85%”.
У Клецкім раёне на Меншчыне кантралюе ход галасаваньня сябра руху “За свабоду” Сяргей Панамароў. Ён паведамляе, што асабіста пераканаўся: на ўсіх участках у Клецкім раёне цяпер знаходзяцца камандзіраваныя міліцыянты зь Менску:
“Свае міліцыянты — жулікі, а менскія — чэсныя?”
“У нашым раёне — 110 выбарчых участкаў. Міліцыянтаў зь Менску — па двое на кожны ўчастак. Як гэта разумець? Атрымліваецца, што тутэйшым міліцыянтам не давяраюць? У Клецку ж 300 міліцыянтаў. Яны, значыць, жулікі, а менскія — чэсныя?”
У Драгічынскім раёне на Берасьцейшчыне на ўчастках таксама дзяжураць міліцыянты. Праваабаронца Юры Жыдовіч цьвердзіць, што прысутнасьць супрацоўнікаў міліцыі ля скрыняў для галасаваньня — гэта факт парушэньня Выбарчага кодэксу.
“Міліцыянты ля скрыняў — парушэньне Выбарчага кодэксу”
“Гэта сур’ёзнае парушэньне. Яно ператварае нашу краіну ў Конга альбо Зымбабвэ. Гэтае парушэньне зьяўляецца нічым іншым, як ціскам на выбарцаў. Гэта забаронена пунктам 3 артыкула 13 Выбарчага кодэксу. Міліцыянт павінен знаходзіцца звонку, а не ў памяшканьні для галасаваньня”.
У Магілёве ўчастковыя камісіі атрымалі заданьне забясьпечыць яўку выбарцаў на датэрміновае галасаваньне ня менш за 30% ад унесеных у сьпісы. Назіральнік ад апазыцыі Барыс Бухель спасылаецца на пачутую размову арганізатараў прымусовага галасаваньня:
“Усіх гнаць на датэрміновыя выбары!”
“Гэта была гутарка начальніка ЖЭСа № 11 і камэнданта аднаго з інтэрнатаў. Маўляў, на сёньня прагаласавала толькі 22% ад унесеных у сьпісы. Гэта мала. Начальнік патрабаваў ад камэнданта: “Трэба ўсіх гнаць!” Там унівэрсытэт побач. Там агромістыя 9-павярховыя інтэрнаты. “Усіх трэба гнаць на датэрміновае!” — загадаў начальнік.