За тры дні датэрміновага галасаваньня ў ім узялі ўдзел ужо 12,3% ад усіх выбарцаў краіны. Найбольшая актыўнасьць па-ранейшаму ў Віцебскай вобласьці, найменшая — у Гарадзенскай.
На выбарах дэпутатаў Палаты папярэдняга скліканьня, якія адбыліся восеньню 2004 году, за тры дні датэрміновага галасаваньня прагаласавалі 9,6% выбарцаў. Параўнальна з тым часам тэмпы нарастаюць: 12,3% супраць 9,6%.
Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік тлумачыць нашаму радыё, чаму, на ягоны погляд, гэта зьява аб’ектыўная:
“Людзі пачалі больш шанаваць свой асабісты час. На мой погляд, датэрміновае галасаваньне, як норма Выбарчага кодэксу, дазваляе
Датэрміновае галасаваньне патрэбна ўдасканальваць і пашыраць....
Палітоляг, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Роўда мае зусім іншае тлумачэньне, чаму датэрміновае галасаваньне ідзе так шпарка. Ён кажа, што сёлета перад чынавенствам стаяць больш складаныя задачы, чым на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах:
“Зараз перад імі задача крыху іншая. І таму адбываецца пэўная падстрахоўка. Яны ўлічваюць, што апазыцыя актывізавалася, што сёлета некаторыя палітыкі вырашылі ісьці да апошняга, што яны разьлічваюць патрапіць у парлямэнт легальным шляхам.
І таму ў дадзеных варунках узрастае роля датэрміновага галасаваньня. Бо менавіта яно ў Беларусі — самы асноўны чыньнік фальсыфікацыі”.
Спадар Роўда дае такое вызначэньне датэрміноваму галасаваньню:
“Датэрміновае галасаваньне — гэта галасаваньне за афіцыйных кандыдатаў. Ідзе гаворка пра тое, што трэба выконваць загад прэзыдэнта і праводзіць кандыдатаў зь ягонага сьпісу. І таму датэрміновае галасаваньне ў Беларусі неабходнае. Адсюль і той вельмі вялікі ціск на моладзь, на навучальныя ўстановы. Студэнтаў ня тое што запрашаюць, а прымушаюць ісьці на датэрміновае галасаваньне”.
Юрыст, праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што ў беларускай сытуацыі трэба адмяніць датэрміновае галасаваньне наагул, як гэта зрабілі нашы суседзі ва Ўкраіне. Там ад яго адмовіліся менавіта з-за шматлікіх злоўжываньняў пры гэтай форме галасаваньня:
“Усе галасуюць толькі ў дзень галасаваньня. Выбары — гэта ўсё ж выбары. І чалавек мусіць сьвядома ў іх удзельнічаць. І калі для яго важней адпачыць на лецішчы, хай ён і не галасуе наагул, напэўна”.
Мікалай Лазавік, наадварот, лічыць, што інстытут датэрміновага галасаваньня трэба ня згортваць, а пашыраць:
“Мабыць, і ў будучыні людзі будуць бачыць, што гэта вельмі зручная форма галасаваньня. Яна дазваляе кожнаму больш рацыянальна сплянаваць свой час. І яна будзе пашырацца. І я лічу, што гэтаму трэба садзейнічаць”.