Удзельнічае этнакультуроляг Аляксей Дзермант. Эфір 25 верасьня 2008 году.
“Крыўя (Крывія) – старажытны аўтэнтычны назоў дняпроўска-дзьвінскага краю, абшар, населены крывічамі – найбуйнейшым протабеларускім племем. Гэта -- нацыянальны этнонім, альтэрнатыўны Беларусі.
Крыўя – таксама тутэйшая Сьвятая зямля, спрадвечны сакральны архетып нашай краіны.
Крыўя – гэта міт пра “залаты век” нашага этнасу. Гэта -- вельмі прыгожы і велічны міт, які лучыць сучасную Беларусь зь яе пачаткамі”.
***
Вячаслаў Ракіцкі: “Адкуль паходзіць назоў “Крыўя”? Ці зьвязаная яго этымалёгія з нейкім іншым мітам, ці зь нейкім сакральным сэнсам?”
Аляксей Дзермант: “Зьвязаная наўпрост. Як мяркуюць аўтарытэтныя дасьледчыкі, найбольш імаверная вэрсія паходжаньня назоваў Крывія і крывічы ад балцкіх назваў сьвятара: krivis, krive, Krive-Krivaitis. Больш таго, адметна тое, што Крыўя – этнічная тэрыторыя крывічоў – мясьцілася на вытоках рэкаў Дняпра, Дзьвіны і Волгі (галоўным эўрапейскім водападзеле), што надзяляла гэтую зямлю зь міталягічнага гледзішча надзвычайнымі якасьцямі, сакральнасьцю. Між іншым, гэта суадносіцца з уяўленьнямі старажытных індаэўрапейцаў (грэкаў, рымлянаў, індыйцаў, іранцаў) пра паўночную прарадзіму, сьвятую краіну Гіпэрбарэю”.
Ракіцкі: “Ад якога часу мы можам казаць пра ўзьнікненьне назвы Крыўя?”
Дзермант: “Навукоўцы ўжо даўно зьвярнулі ўвагу, што дняпроўска-дзьвінская зона ўяўляе сабой цэльны рэгіён, што ўтварыўся вельмі даўно – ці не з часоў нэаліту і зьяўляецца зонай кансэрвацыі эўрапейскай архаікі. Адпаведна існуе меркаваньне, што гэты рэгіён з найдаўнейшых часоў называецца Крыўяй, прынамсі з бронзавага веку, калі гэты этнонім быў перанесены ў выніку міграцыі інда-іранцаў з Паўночнага Прычарнамор’я ў далёкую Індыю, дзе вядомы народ “крыві”.
Ракіцкі: “А якія гістарычныя сьведчаньні ёсьць на карысьць таго, што сучасная Беларусь сапраўды называлася Крыўяй?”
Дзермант: “Апрача згадкі ў рускіх летапісах уласна крывічоў, якія, дарэчы, не згадваліся ў ліку тых плямёнаў, якія “маюць славянскую мову”, можна згадаць і тое, што полацкія князі ў некаторых паведамленьнях называюцца “крыўскімі”. Крывія згадваецца ў заходніх крыніцах. Прыкладам, нямецкі храніст Пётра Дусбургу пад 1314 годам пiша: “Frater Henricus Marschalcus... venit ad terram Crivitae, et civitatem illam, guae parva Nogardiadicitur cepit” (“Брат Генрык Маршалак... прыйшоў у зямлю Крывiцiя i места яе, каторае Новагародкам завецца, здабыў”), а ў жыцьцяпiсе сьвятой Параскевii, князёўны полацкай, пiсаным па-лацiнску, полацкая князёўна названа “Rеginа Кrivitае” — каралеўна крывiчоў. Таксама ў сучаснай латыскай мове Кrievija i Baltkrievija азначаюць Расію і Беларусь адпаведна, хаця ёсьць падставы меркаваць, што ў латышоў захаваўся архаічны тэрмін не азначэньня Русі, а проста ўсходніх суседзяў. У сувязі з гэтым, мяркуецца, што першасная балцкая форма нашага назову гучала накшталт Krieva, а пазьней гэты этнас славянізаваўся і стаў вядомы як крывічы”.
Ракіцкі: “Калі і ў зьвязку зь якімі варункамі крыўскае найменьне зьнікае з гістарычных дакумэнтаў і, трэба меркаваць, перастае быць фактам самасьвядомасьці тутэйшага насельніцтва?”
першасная балцкая форма нашага назову гучала накшталт Krieva, а пазьней гэты этнас славянізаваўся і стаў вядомы як крывічы
Ракіцкі: “Вы згадалі Вацлава Ластоўскага. Ці ня ён паклаў пачатак міту пра Беларусь як Крывію? Чым быў выкліканы ягоны зварот да Крывіі?”
Дзермант: “Вацлаў Ластоўскі быў адным зь першых дзеячаў нацыянальнага адраджэньня, які заўважыў пэўныя хібы ў гэтым руху, у прыватнасьці, узьняў праблемы стылю і формы, якія непазьбежныя ў працэсе канструяваньня нацыі. Безумоўна, з гэтай праблемай шчыльна зьвязанае пытаньне самаідэнтыфікацыі, саманазову. Ластоўскі меркаваў: “Беларусы” – гэта пераходная ступень, часьць цэлага рускага, якое, як нам ведама, абыймае конглёмарат народнасьцяў самых рожнаякіх рас і плямён... У гэтай безбярэжнай мозайцы мы як бела-русы будземо толькі нязначным, безіндывідуальным камешкам, празначаньне якога будзе стушавацца ў цэлым… імя “крывічы” ёсьць стары і ўласны назоў нашага народа і краю, які мае ня толькі роўнае права на існаваньне з іншымі навейшымі і са стараны накінутымі нам назовамі, але больш таго, як назоў самаістны, можа павяьсці крывічоў да акрэсьленьня свае нацыянальнай істоты, без наменклатурнай залежнасьці ад “общерусскости”. Больш таго, Ластоўскі таксама спрычыніўся і да адраджэньня “крыўскага міту”. Напрыклад, неаднойчы ў яго творах можна прасачыць паралель паміж старагрэцкай Гіпербарэяй і Крывіяй, якая ўяўляецца ім менавіта як краіна, дзе захоўваецца пракаветная, яшчэ дахрысьціянская традыцыя. Мабыць, таму Ластоўскага варта называць ня проста прыхільнікам крыўскасьці як альтэрнатыўнага шляху ў нацыянальным руху, а праўдзівым празорцам, які праз глыбінную інтуіцыю адчуў значнасьць Крыўі і зьвязаў яе гісторыю з сучаснасьцю”.
Ракіцкі: “Але ж як ідэя, выказаная Ластоўскім, стала мітам? Як яна ўвайшла ў сьвядомасьць калі ня ўсёй нацыі, дык пэўнай часткі эліты? Якое разьвіцьцё крыўская ідэя мела ў 20-м, камуністычным для Беларусі, стагодзьдзі?”
“Крыўя” стала сымвалічным увасабленьнем гісторыі і нацыянальнай годнасьці, сакрумам, а “Беларусь” – няўдалым нацыянальным праектам, прафанацыяй
Ракіцкі: “Якое было стаўленьне ўладаў да гэтага міту?”
Дзермант: “Савецкія ўлады ацэньвалі яго адназначна нэгатыўна, бо гэты альтэрнатыўны праект ідэнтычнасьці наўпрост разыходзіўся з асноўнымі пастулятамі камуністычнай ідэалёгіі. Нездарма, адзін з савецкіх чыноўнікаў абрынуўся на раман Міхася Зарэцкага “Крывічы” з такімі словамі: “Кривичи” – это имя вызывает ненависть среди трудового населения Белоруссии. “Кривичи” – это символ национал-фашизма…”. Таму зусім ня дзіўна, што для сучаснай улады гэтага міту не існуе ўвогуле, бо, здаецца, яе цалкам задавальняе міт пра беларусаў як рускіх вышэйшага гатунку”.
Ракіцкі: “Які зьмест укладаюць у “крыўскую ідэю” сёньняшнія яе прыхільнікі?”
Дзермант: “Крыўя сёньня – гэта слова-сымбаль. Сымбаль імкненьня да пакрыёмай праўды нашай зямлі. Гэта міт пра нашыя вытокі, залаты век і шлях да адраджэньня. Гэта паўночная Традыцыя, якая ніколі не зьнікала і жыве ў кожным тутэйшым. Гэта рэлігійнасьць, якая арганічна спалучае дзядоўскую веру і народнае хрысьціянства. Гэта ідэя, якая апэлюе да больш высокіх сэнсаў і надчасавых каштоўнасьцяў. Гэта стыль, цалкам адрозны ад той прафанацыі, якую сёньня мы назіраем паўсюль у Беларусі. Гэта пэўны ўзор паводзінаў і сьветаадчуваньня”.
Ракіцкі: “Якія праявы “крыўскага міту” мы можам назіраць у сучаснасьці -- у навуцы, мастацтве, палітыцы?”
Крывія вышэй за любыя палітычныя падзелы і таму павінна заставацца тым, што аб’ядноўвае людзей, якія падзяляюць пэўныя каштоўнасьці
Ракіцкі: “А калі ўсё ж уявіць, што “крыўскі міт” апанаваў сьвядомасьць бальшыні беларусаў, якія магчымыя наступствы гэта можа мець? А ці не пагражае гэта зьнішчэньнем беларускасьці?”
Дзермант: “Гэта азначала б не дэструкцыю, а карэкцыю беларускасьці, зварот да яе першапачаткаў дзеля ўзмацненьня і ўкараненьня яе апірышча. Якая небясьпека можа ісьці ад нашай уласнай зямлі, яе камянёў, пушчаў, рэкаў, могілак, ад продкаў? Хіба для тых, хто гэта ўсё ненавідзіць. А гэта і ёсьць Крыўя! Зноў тут дазволю сабе працытаваць Вацлава Ластоўскага: “Глыбока ў народнай свядомасці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго уваскрэшання, напоў містычнае імя “Крывія”, якому празначана ў жыцці народу замкнуць круг гісторыі, быць ачышчаючым агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэння Народу”.