Падарожжа Свабоды ў вёску Кудрычы, Пінскі раён. Эфір 23 верасьня 2008
У кампаніі зь пінскім краязнаўцам, эколягам Аляксеем Дуброўскім мы едзем у Кудрычы. Маленькую вёску, якая схавалася ў сапраўдных палескіх балотах — дзякуючы спадару Аляксею, ня зьнішчаных мэліярацыяй. Грунтовая дарога — клясычная грэбля праз кілямэтры багны. Увесну гэтай дарогі няма зусім, яе залівае паводка. А яшчэ дзясятак гадоў таму і гэтай грэблі не было.
Аляксей: “У красавіку ці ў траўні, калі прыйдзеш сюды, дзе мы з табой ідзем цяпер, паўсюль вада стаіць. Тут толькі на лодцы можна праехаць ці на возе. З вострава на востраў. Тут сем астравоў. Пасьля вайны было 110 хат. Цяпер мала засталося. Адны старыя людзі жывуць”.
Вёска сапраўды ўяўляе сабой невялікі архіпэляг. Там, дзе ўзвышша ці пагорак, — там стаяць хаты. Прычым і хаты, і хлявы ўражваюць сваёю архаічнасьцю. Нефарбаваныя, з пачарнелага дрэва, пад чаратовымі стрэхамі.
Аляксей: “Хачу зьвярнуць увагу на дровы. Тут лесу няма. І ў печках паляць лазой. Зімой нарыхтоўваюць гэтую лазу, і калі ідзе паводка, то на лодках прывозяць да сябе на двор. Вунь стажкі стаяць з лазы”.
Карэспандэнт: “А вы сюды возіце замежнікаў? Прыяжджаюць?”
Аляксей: “Так. Сюды турысты, асабліва палякі. Начыталіся даваеннай літаратуры. А як сюды прыяжджаюць, дык ім адкрываецца такое Палесьсе, якое ў іхным уяўленьні было пасьля кніжак. Галяндцы цікавяцца Палесьсем. Чаму? У іх ужо такой прыроды няма. Але прыродныя ўмовы Галяндыі, пяскі, балоты, яны там усе пераўтвораны. А сюды прыяжджаючы, яны натуру бачаць. Сюды прыяжджаюць аматары прыроды. Яны добра ведаюць прыроду, расьліны, птушак ведаюць”.
Карэспандэнт: “Для іх гэта падарожжа на машыне часу?”
Аляксей: “Так. Я думаю, так выглядала Галяндыя дзьвесьце гадоў назад. Заходнія турысты, насельнікі заходніх дзяржаў яшчэ не зразумелі, што ў Беларусі можна ўбачыць, якой была Эўропа дзьвесьце гадоў таму.
Жыхароў у Кудрычах засталося некалькі пэнсіянэраў. Вось 80-гадовая Марта, нізенькая паўнаватая старая, капае бульбу.
Карэспандэнт: “А як Кудрычы жылі, калі дарогі не было?”
Марта: “Жылы добра. Рыбу лавылы, музыка була. Моладзь зьбіралася, гулялы, аднэ аднэго кахалы. Зьбярэцца моладзь на Каляду ды музыку наймуць, танцуюць, кахаюць аднэ аднога, жэняцца, ды сэмэйка е, ды дыткы е. А зараз...”
Карэспандэнт: “Вы самі ўсё рабілі? І ежу? І адзеньне?”
Марта: “А як жэ? Лён сіім ды калоцім. А зімою да дванаццаці сядзіш і кудэлю прадэш.
Чыя гэта корівэнька па полі рыкае?
Гэта того гультая, што жынкы нэ мае.
Ажэнімо гультая, будэ жынку маты.
Будэ яго корівонька ў хліві стояты.
Я ўмею сто песень, але я ўжо негодзяшча”.
Седзячы на стогадовым ганку, сярод палескай цішы, нават цяжка ўявіць, што ў гэты зацішны куток дабіралася вайна. Здаецца, лепшага месца для схованкі ад сусьветных напасьцяў не знайсьці.
Марта: “Тут у вайну жыць не паміраць було. У людэй галодна було, халодна. А ў нас голаду нэ було. Але партызаны, свае люды бессумленныя, ходылы. У чоловіка кабана забіруць, заб’юць. Што бачылы, папругы, кожухы, чоботы, што бачылы, то бралы. А што не дасы, покоцяць, што чоловік ледзь жывы застанецца”.
Ідучы ў госьці да найстарэйшага жыхара Кудрыч, 90-гадовага дзеда Міколы, я быў варожа сустрэты ягонымі ўнучкамі, што прыехалі зь Пінску дапамагаць на гародзе. Сапраўды, мяркуючы па іх рэакцыі, я тут далёка ня першы госьць.
Кабета: “Зачэм такое ізьдзявацельства? Старыя хаты паздымаюць, пасьля па тэлевізары паказваюць. Ну што гэта за работа? Харошыя хаты фатаграфіруйце”.
2-я Кабета: “Прыіхаты, пофотографіруваты ды посмэятыса”.
Карэспандэнт: “Чаму пасьмяяцца?”
Кабета: “Канечна, пасьмяяцца. А што ж болей?”
Але дзед Мікола ўсё ж выйшаў са сваёй музэйнай хаты. Хударлявы стары ў векавой кепцы і зь цьвёрдым позіркам, узгадваючы былыя часы, ня можа зразумець, чаму сёньня на гародах столькі пустазельля.
Мікола: “Зільля гэтага не было. Людзей многа было. Харашо. Лодкамы ў горад іздылы. У Пінску каля моста быў базар, і ўсе вёскі лодкамы іздылы”.
Дзіўна гучыць жыцьцёвая мудрасьць ад старога Міколы.
Мікола: “Не замай нікого і нэ будзь нікого. Вось, прыкладам, ідуць немцы ў сяло. Тут абразаваліся партызаны. Бах, заб’юць аднаго немца. Прыяжджае немец, запальвае сяло. Ён правільна рабіў”.
Савецкай улады стары Мікола ня любіць як за раскулачваньне, так і за руйнаваньне старой царквы. Адзінай на многія кілямэтры.
Мікола: “Ну чым цэрквы заміналы, што іх раскідалы? Савецкі Саюз. Стаіць няхай як помнік, дый усё”.
Сёньняшні дзень для старога Міколы таксама нярадасны. Але ўжо зь іншай нагоды. У жывапіснай Ясельдзе, якая стагодзьдзямі карміла вяскоўцаў рыбай, ужо, як бывала, не парыбачыш.
Мікола: “На раку няможна выехаты. За што бацька ваяваў? Каб сын на раку ня мог выехаты? Штрафуюць, ды яшчэ як. Мільён даюць штрафу. Як паймаюць цябе на раці. Што ты выехаў рыбу ловыты”.
80-гадовая Вольга, маленькая рухавая бабулька, яскрава распавяла мне некаторыя дэталі жыцьця і працы людзей на балоце. Гэта ўражвае ня менш за расповеды пра вайну.
Вольга: “Вось тут вада була. А за сараем лодка стаіць. І лодкамы гной вазылы на поле. І віламы выкідалы. А як стаў калгас, дык хацела рубля зарабыты, дык за сем кіломэтраў лодкаю гной везла. І за дэнь зарабіла тры рублі. Тры лодкы завезла за сем кіломэтраў па вадзі. Вось так жылы. Лодка вялікая. Лошадзь у лодку станавімо. І цялегу. І тры мужчыны. І па вадзі вязэм на поле”.
Сама Вольга жыве недалёка ад таго месца, дзе некалі стаяла царква. Яе зьнесьлі за Хрушчовым. Навошта? Каму яна тут, у такой глушы магла замінаць?
Вольга: “У мяне быў прадзедушка, дык ён расказваў, што тут нікога ў жыцьці не было ў гэтай вёсцы. І прыехала пані. І пабудавала царкву. І сталі люды ходыты з усіх сіл. І да яе наіхалы парабкі. І тыя парабкі пасяліліся, абжыліся, і давай тут будаватыся. У першую чаргу цэрква пабудавалася ў гэтай вёсцы”.
Карэспандэнт: “Яна была невялічка?”
Вольга: “Хароша, вялікая царква була. Мэтраў дванаццаць шырыня була. Хапала на вёску. Карагода водылы на Вялікадня. І едуць вадой з поля і песьні там, песьні там, песьні там. А тэпэр ніхто і рота не разявіць.
Пайшла Ганьдзя жыта жаты,
Ды забула сэрпа ўзяты.
Сэрпа ўзяла, хліб забула.
Доўга Ганьдзя дома була.
Погынайся, негодзяю.
Чы ты далёка ад краю.
Ды ўжо я пагінаюса.
Ды ўжо стаміўса.
Спрабую ўявіць тыя шматлюдныя Кудрычы, адрэзаныя вадой ад усіх акупантаў, з шматгалосымі песьнямі па-над балотамі. З жалобнымі працэсіямі на рацэ, калі дамавіну зь нябожчыкам клалі ў лодку, бо могілкі на другім беразе, і Ясельда станавілася тут сапраўднай ракой Харона. Спрабую ўявіць усю гэту прыгажосьць і разумею, што неўзабаве галяндцам і немцам ужо не пашчасьціць убачыць невядомую ім Эўропу. Бо без жывых людзей, бязь іхнай адметнай мовы, бязь іхных песень Кудрычы зьнікнуць назаўжды.