Багапш і Какойты просяць Лукашэнку прызнаць незалежнасьць

  • БелаПАН
Як паведаміла сёньня прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы, на імя Аляксандра Лукашэнкі паступілі "лісты з асабістымі зваротамі прэзідэнтаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі Сяргея Багапша і Эдуарда Какойты з просьбай аб прызнаньні Беларуссю незалежнасьці іх рэспублік".
"Кіраўнікам Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі накіраваны адказы, дзе выкладзена пазіцыя беларускага боку па гэтым пытаньні", — паведамляе прэсавая служба, не канкрэтызуючы сутнасьць гэтых адказаў.

Нагадаем, 19 верасня ў інтэрв'ю заходнім журналістам А.Лукашэнка заявіў аб магчымасьці разгляду Беларусьсю пытаньня аб прызнаньні незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Паводле слоў прэзыдэнта, ён хацеў бы, каб сваю думку па гэтым пытаньні выказаў новы парлямэнт, выбары якога пройдуць 28 верасьня. "Можа, у іх будуць нейкія іншыя аргумеэнты і факты, якіх я не ведаю, — заўважыў А.Лукашэнка. — Я лічу, што нас ніхто не падганяе, мы спакойна можам разабрацца ў сытуацыі. Пройдзе пэўны час, і мы, абмеркаваўшы гэтае пытаньне, прымем адпаведнае рашэньне"
.
Пры гэтым А.Лукашэнка падкрэсліў: "Калі хтосьці думае, што прызнаньне Беларусьсю Абхазіі і Асэтыі — гэта фактар падтрымкі Расеі і толькі, той памыляецца".
24 верасьня ў інтэрвію БелаПАН расейскі пасол Аляксандр Сурыкаў заявіў, што Расея зацікаўлена ў прызнаньні Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Паводле слоў дыплямата, Расея разумее, што "працэс не павінен моцна нагнятацца і паскарацца". "Мы лічым, што Беларусь павінна разабрацца ў сваіх цяпер існуючых адносінах з гэтымі анклавамі, што можа быць у перспектыве, і асэнсавана да гэтага пытаньня падыходзіць", — падкрэсліў А.Сурыкаў.