Агляд тэлефанаваньняў за 25 верасьня, чацьвер.
Амаль усе сёньняшнія тэлефанаваньні прысьвечаныя выбарам у Палату прадстаўнікоў, прызначаным на 28 верасьня.
Спадарыня: “Пакуль Ярмошына будзе ачольваць Цэнтральную выбарчую камісію, ніякіх дэмакратычных выбараў у Беларусі ня будзе. Яна лічыць, што народ не разумее, як яна “прафэсійна” спраўляецца са сваёй пасадай”.
Мікола Канаховіч: “Паважаныя суайчыньнікі, да вас зьвяртаецца шараговы грамадзянін Мікола Канаховіч. Вы памятаеце, за каго вы галасавалі чатыры гады таму? І што вам абяцалі яны? Вас тады падманулі, бо потым пазбавілі ўсялякіх ільгот… Не хадзіце на гэты танны фарс, так званыя выбары. Бо на вашым гарбе яны хочуць заехаць у рай. Прагаласаваўшы за так званых беспартыйных, вы прагаласуеце за сваю ўласную сьмерць. Толькі абвясьціўшы байкот, вы захаваеце сваё сумленьне, чалавечую годнасьць, павагу нашчадкаў. Чалавек, беларус! Калі ты сапраўды чалавек, дык не апускайся да ўзроўню чарвяка, бо растопчуць. Толькі байкот і яшчэ раз байкот! Жыве Беларусь!”
Анастас Семяновіч: “Шаноўныя спадары з апазыцыі! Вы крычыце наконт датэрміновага галасаваньня. Гэта дзіцячае лапатаньне. Вам давалі добрую параду слухачы Радыё Свабода і Пазьняк. Калі лукашысты ва ўсе выбарчыя камісіі ад участковых да Ярмошынай ня ўключаць вашых прадстаўнікоў, выбары трэба толькі байкатаваць. Няхай лукашысты гуляюць паміж сабой. Я думаю, вам будзе радасьць, калі яны ўключаць у дэпутаты двух-трох чалавек, якія на сэсіі будуць кукарэкаць. А вынік нулявы. Вось такія вынікі ад двух-трох чалавек. Жыве родная Беларусь!”
23 верасьня пачалося датэрміновае галасаваньне. СМС-паведамленьне ад Юрася: “У Маладэчне супрацоўнікаў гарадзкога шпіталя пад пагрозай звальненьня прымушаюць да датэрміновага галасаваньня”.
Слухачы “Свабоды” разважаюць пра выбарчую кампанію ў Палату прадстаўнікоў: наколькі яна адкрытая і справядлівая, а таксама — ці трэба апазыцыйным кандыдатам удзельнічаць у выбарах.
Спадарыня: “Я да гэтага часу ніяк не разумею, навошта нам выбары? Навошта змарнавалі столькі грошай? Лепш бы гэтыя грошы аддалі рабочым на заводзе ці пэнсіянэрам. У нас самы галоўны дырэктар Беларусі Лукашэнка — як скажа, так і будзе. А дэпутаты ніякай ролі не адыгрываюць. Як дырэктар скажа, так і будзе. Навошта гэтыя выбары! Сьмех! Я сталы чалавек і ніяк не разумею, навошта гэта людзей падманваць. Так надакучыла ўсё гэта!”
Спадарыня: “Дэпутаты, калі вы будзеце абраныя, вярніце людзям уклады ў Ашчадным банку, якія згарэлі ў часы перабудовы, а таксама грошы, зьмешчаныя на сэртыфікаты, абавязацельствы, якія прадаваў Ашчадны банк”.
Спадар: “Хачу паразважаць пра выбары. Але не пра цяперашнія. А пра будучыя — пра прэзыдэнцкія. Ні Лябедзька, ні Вячорка — ні разу не выстаўлялі сваю кандыдатуру, каб балятавацца на прэзыдэнта. Дый Мілінкевіч на гэтых выбарах пацярпеў паразу. Адной з прычынаў, думаю, зьяўляецца тое, што большасьць беларусаў не ўспрымае іх замежныя ваяжы па ўсім сьвеце. Вельмі шкада, што па гэтым шляху пайшоў і Казулін. Не пасьпеў ён вызваліцца, як ужо разьяжджае па Эўропе і Амэрыцы. Ні Буш, ні Мэркель, ні Сарказі не навучаць яго, як перамагчы на выбарах. А толькі стасункі з народам могуць прынесьці яму карысьць”.
На форум сайту www.svaboda.org мы атрымалі пытаньне: “Як стаць сябрам Саюзу палякаў?”
Адказвае Ігар Банцар, прэсавы сакратар не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс:
“Прасьцей запытацца ў сябра Саюзу палякаў, як запісацца. Ён падкажа. На жаль, ня бачу іншай мажлівасьці — ведаеце, у якіх умовах мы працуем, фактычна на нелегальных. Зараз усё будуецца на тым, што чалавек прыходзіць, актыўна дзейнічае і тады зьяўляецца сябрам”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.