Паводле Міхася Васілеўскага з Менску, у трэцім інтэрнаце арганізацыі “Белсантэхмантаж-2”, які знаходзіцца па адрасе завулак Соф’і Кавалеўскай, 61 жыхароў прымушаюць галасаваць датэрмінова.
“Сам чуў, як дырэктарка інтэрнату загадвала галасаваць датэрмінова. Спачатку яна ўбачыла мяне і замаўчала. Потым я вярнуўся і зноў чуў, як яна загадала мужчыну ўзяць пашпарт і ісьці галасаваць.”
Паводле Міхася Васілеўскага, дырэктар інтэрнату не адказала яму на пытаньне, чаму яна парушае выбарчы закон, прымушаючы людзей галасаваць датэрмінова. Карэспандэнт “Свабоды” пазваніў ў гэты інтэрнат, каб спраўдзіць зьвесткі спадара Васілеўскага. Вахцёр інтэрнату сказаў, што дырэктар Лідзія Шавялёва ўжо сышла дамоў, а пра прымус галасаваць датэрмінова ён нічога ня ведае. “Пры мне такога не было”, — адказаў вахцёр.