Сёньня адбылося паседжаньне Прэзыдыюму Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. На ім абмеркавалі пляны на выбарчы тыдзень і заклікалі прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу.
У часе паседжаньня была агучаная інфармацыя, што ў суботу 27 верасьня а 13-й гадзіне адчыніцца інфармацыйны цэнтар Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, дзе будзе акумулявацца ўся інфармацыя пра апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты і выпадкі парушэньня выбарчага заканадаўства. У дзень выбараў кожныя дзьве гадзіны, пачынаючы ад 9-й раніцы, будуць агучвацца папярэднія вынікі галасаваньня, заплянаваныя брыфінгі кандыдатаў у дэпутаты.
У 20:30 на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя сустаршыняў АДС, якія акрэсьляць сваё стаўленьне да выбарчага працэсу. А 23-й у інфармацыйным цэнтры лідэры палітычных партый апошні раз за 28 верасьня сустрэнуцца з журналістамі.
Пра што так і ня здолелі дамовіцца сёньня прадстаўнікі палітычных партыяў — дык гэта пра фармат абвешчанага на 28 верасьня збору на Кастрычніцкай плошчы. Які, словамі старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, даслаць “мэсыдж” народу — апазыцыянэры пакуль не прыдумалі. Думкі разышліся палярна — ад сумневу ў мэтазгоднасьці акцыі ўвогуле да лёзунгаў з патрабаваньнямі новых дэмакратычных выбараў і недапушчальнасьці фальсыфікацыі і прыцягненьня адміністратыўнага рэсурсу. Бальшыня ўсё ж схільныя дачакацца папярэдняга абвяшчэньня вынікаў на Кастрычніцкай плошчы, куды заклікаюць прыйсьці і неабыякавых да палітычных працэсаў людзей.
Сцэнар вечаровай акцыі 28 верасьня застаецца адкрытым да канца тыдня. Іншыя палітычныя сілы, якія не ўваходзяць у АДС і заклікаюць байкатаваць выбары, яшчэ раней абвясьцілі пра збор на Кастрычніцкай плошчы адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў.
Сёньня кіраўнікі апазыцыйных партый падлічылі дакладную колькасьць удзельнікаў парлямэнцкіх выбараў, якія ўваходзяць у адзіны сьпіс Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. У выніку атрымаўся 71 кандыдат: найбольшую прысутнасьць забясьпечылі АГП — 18 чалавек, БНФ — 16, КПБ — 14 і БСДГ (Грамада) — 10.
Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка акцэнтаваў увагу на тым, што камісіі на месцах парушаюць нават патрабаваньні Цэнтральнай выбарчай камісіі:
“Паддаўшыся ціску міжнароднай супольнасьці, якая, у сваю чаргу, паддалася ціску нашаму, было прынятае рашэньне пра “начныя скрыні” — каб іх заклейваць на ноч паперай і ставіць там подпісы старшыні і сябраў камісіі. Але ўчора ў Кобрыне адбылася нарада кіраўнікоў акруговай, участковай камісіі, вэртыкалі, міліцыі, на якую запрасілі таксама кандыдатаў. Там наш кандыдат Аляксандар Мех падняў гэтае пытаньне. Але ў выніку — ніякіх папераў, прыватнае рашэньне мясцовых органаў, што ўсё будзе як заўсёды. Прынцыпова важна, бо гэта “цана рашэньня” ЦВК. Цяпер важна прасачыць — ці адбываліся падобныя інструктыўныя нарады ў іншых акругах? Таму што прэцэдэнт ужо ёсьць”.
Іншай вялікай праблемай старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін называе датэрміновае галасаваньне, якое ажыцьцяўляецца ў прымусовым парадку. У прыватнасьці, ягоная акруга ўжо адрапартавала пра 8% выбарцаў, якія прагаласавалі да 28 верасьня:
“Трэба канстатаваць: такое самае будзе па інтэрнатах, дзе жывуць працоўныя. Відавочна, што ўлады гоняць на датэрміновае галасаваньне дзеля таго, каб фальсыфікаваць выбары. Вось я падлічыў: калі ў мяне сёньня 8% прайшлі праз участкі ўжо за адзін дзень, і калі яны ўрэшце гэтую лічбу давядуць да 25%, то ўжо потым усё астатняе галасаваньне спакойна можна рабіць “празрыстым”. Запісаць Палянскай (уладны канкурэнт С. Калякіна — РС) у плюс, і далей я ўжо ня выйграю ў яе гэты адрыў. Такім чынам яна атрымае большасьць галасоў, якія пасьля датэрміновага галасаваньня можна лічыць абсалютна празрыста. Гэта павінны мець на ўвазе ўсе дэмакратычныя кандыдаты.”