Адразу некалькі скаргаў на ненадзейнасьць скрыняў для галасаваньня накіравалі ў Цэнтравыбаркам і акруговыя камісіі назіральнікі за выбарамі і праваабаронцы зь Берасьця.
Заяўнікі спасылаюцца на факты выкарыстаньня скрыняў старога ўзору і мажлівасьці фальшаваньня.
Заяву у ЦВК і акруговую выбарчую камісію аб ненадзейнасьці скрыняў для галасаваньня сярод іншых напісаў берасьцейскі грамадзкі актывіст Сяргей Вакуленка. Ён тлумачыць:
“ГЭТЫЯ СКРЫНІ ВЫКАРЫСТОЎВАЮЦЦА НА ЎСІХ ВЫБАРАХ АД 2004 ГОДУ”
“Ніжняя частка (дно) прымацавана лёгкімі шрубкамі. Гэтак зроблена практычна на ўсіх выбарчых участках. На дне скрыняў няма плёмбы. З дапамогай звычайнага шрубніка лёгка можна адкруціць. Акрамя таго, на ўчастку № 1 усе сьценкі скрыні прымацаваныя таксама шрубкамі. І такія скрыні тут выкарыстоўваюцца на ўсіх выбарах ад 2004 году”.
На Берасьцейшчыне сёньня датэрміновае галасаваньне вядзецца на больш як 940 участках. У дальніх вёсках для галасаваньня выкарыстоўваюць яшчэ савецкія скрыні. Пра гэта паведамляе Аляксандар Рамановіч —давераная асоба Ўладзімера Казекі, які балятуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Днепра-Бугскай выбарчай акрузе № 10.
“НІДЗЕ Я НЯ БАЧЫЎ НОВЫХ СКРЫНЯЎ”
“Нідзе тут я ня бачыў новых скрыняў. А яшчэ высьвятляецца, што цяпер неабавязкова апячатваць верх скрыняў паперай з подпісамі ўсіх, хто ў складзе дадзенай камісіі. Таксама адмянілі сургуч. Адбітак пячаткі робіцца на плястыліне. Калі я пацікавіўся, у каго пячатка, то адказалі, што ў старшыні камісіі. Гэта значыць, што калі чалавек нядобрасумленны, то ён можа ў любы момант адчыніць скрыню і ўкінуць патрэбную яму колькасьць бюлетэняў”.
Сытуацыю на Берасьцейшчыне камэнтуе старшыня праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Брэсцкая вясна” Ўладзімер Вялічкін:
“Гэта прамы шлях для фальшаваньня ў пэрыяд датэрміновага галасаваньня”
“Сёньня на выбарах бачым тыя ж скрыні, што і ў 2006 годзе. Перакананыя, што гэта прамы шлях для падмены галасоў менавіта ў пэрыяд датэрміновага галасаваньня. І калі лічыць, што прыкладна 33% галасоў на датэрміновым галасаваньні аддаюць кандыдату ад улады, то ў выніку выбараў маем магічную лічбу 82,5% .
У Цэнтравыбаркам зь Берасьця накіраваныя ня толькі скаргі, але і канкрэтныя прапановы.
Прапанавана апячатваць зьнешнюю частку дна скрыняў для датэрміновага галасаваньня кантрольнай стужкай з паперы. Пры гэтым стужка з паперы павінна заклейваць вінт ці шрубку, якімі дно скрыні для галасаваньня прымацавана да корпуса.