На выбарах у Зялёным будуць вызначацца па партрэтах кандыдатаў

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 18 верасьня.


Вёска Зялёнае, што непадалёк ад Талачына, на маю думку, з большым посьпехам магла б называцца “Сьлівовае”, бо за набрынялымі ад сьпеласьці сьлівамі, здавалася, хат не відаць. Мясцовасьці далі такі назоў у 40-я гады навучаныя “мысьліць дзёрзка” сталінскія чыноўнікі. “Ад балды” — такі моладзевы слэнг ужыла ў размове са мной 84-гадовая старэйшына, спадарыня Савік. Яна ж добра памятае старажытны назоў...

Cавік: “Раней называлася Пляшоўцы., як і калгас. Я ў 40-м годзе сюды з Магілёва прыехала...”


















У цёткі Тацьцяны — скурчаныя ад 36-гадовага цяганьня за каровіныя цыцкі пальцы. Горб на сьпіне — даіць даводзілася ўручную. Але, як гэта часьцяком бывае з гадамі, напачатку больш успамінаецца пра лепшае.

Савік: “Раней даярак хоць цанілі — мэдалі, граматы атрымлівала, езьдзіла на курорты, на ВДНГ у Менск, Маскву. Сьмяяліся — “баба надаіла тону малака”. У дзень па 60—70 літраў надойвала ад 15 кароў. Бачыце, якія рукі — не выгінаюцца. Мае сяброўкі-даяркі паўміралі, адзін пастух застаўся. Усё здароўе страціла — у 3 ночы ўстаеш, у 5 выганялі. Самі ірвалі буракі, самі садзілі. А цяпер хто старшыня, як калгас называецца — ня ведаю. Ай, і не хачу. Уздымі і апусьці...”

Карэспандэнт: “А калгас дапамагае чым-небудзь?”

Савік: “Нічым! Па тэлевізары паказваюць — ай-яй-яй, пэнсіянэрам усё! Не... А ў Зялёным паміраюць людзі. І моладзі працаваць няма дзе...”

Старэйшынай спадарыня Савік больш за 10 год, ад пачатку ўвядзеньня ў вёсках гэтай, як лічыцца, выбарнай пасады. Але пакладзеных дзяржавай 10 тысяч у месяц ніводнага разу не атрымлівала, ня ведае нават пра тое, што ў вёсцы зараз дзьве сотні жыхароў. Засталася фэрма на 110 кароў зь пяцьцю даяркамі. А побач вырасла сьвежапафарбаванае збожжасховішча.

Большасьць тутэйшых людзей працуе ў Талачыне. Ні ў госьці, ні па справах да Тацьцяны Паўлаўны не заходзяць. 32-гадовы сьлесар Васіль, убачыўшы мікрафон, да карэспандэнта “Свабоды” зьвярнуўся сам.

Васіль: “Па вёсцы ніводзін ліхтар не гарыць. Як людзям дахаты патрапіць? Тым больш маньякі разьвяліся — у нас быў выпадак згвалтаваньня. Колькі ні скардзіліся, эфэкту ніякага. Зараз цямнець будзе рана — у мяне з “прадлёнкі” трое дзяцей у 17 вяртаюцца — ужо прыцемкі. Старэйшаму 12, малодшаму 8...”

Юнакоў у вёсцы два дзясяткі. Вучыцца пехатой ходзяць у Талачын. Пасьля заканчэньня школы ўсе да аднаго мараць у Зялёнае больш не вяртацца. Пра гэта мне распавёў вучань 11 клясы Вова Кандратовіч.

Вова: “Няма тут куды паступаць. Бацькі на сушылцы ў калгасе атрымліваюць тысяч па 300. Пэнсіянэраў чалавек 70. Усе хочуць паступаць — у Менск, Віцебск. Я ў будаўнікі пайду...”

Ёсьць, аднак, у вёсцы нешматлікая купка пэнсіянэраў, якія задаволеныя ўсім. Я пагутарыў ля калодзежа з 69-гадовым Уладзімірам Паўлавічам.
















Спадар: “Пэнсія 500 тысяч. Пераехаў з Саболіч. Месца спадабалася — аўтастрада, прыпынак, чыгунка побач. Хату сам збудаваў — будаўнік...”

Карэспандэнт: “На выбары пойдзеце?”

Спадар: “Канечне. Хто балятуецца, пакуль ня ведаю. Дома сяджу, не хаджу. Ня пойдуць, каму жыцьцё не падабаецца. А ў нас жыць добра і можна. І трэба выбраць людзей, якія годныя...”

Карэспандэнт: “А як вы вызначыцеся, калі нікога ня ведаеце?”

Спадар: “Каля кабіны...”

Прыпыняю Іну Ігнацьеўну, настаўніцу пачатковых клясаў.

Карэспандэнт: “А вы кандыдатаў ведаеце па сваёй акрузе?”

Іна: “Нікога ня ведаем, аж сорамна. На выбары пойдзем. У нас шмат бытавых праблем. Каб заасфальтавалі дарогу, перакрыць дах, бо цячэ...”

Карэспандэнт: “А каму вы больш давяраеце — прадстаўнікам улады ці апазыцыі?”

Ірына: “Ой, цяжкі выбар — у залежнасьці ад чалавека. Можа, і ўлада дапаможа, а мо й тыя, калі ўлада пратухла...”

Сяргей Вазьняк
У Зялёнае я прыехаў разам з кандыдатам ад Аб’яднанага сьпісу дэмакратычных сіл, рэдактарам газэты “Товарищ” Сяргеем Вазьняком. Сяргей раздае апошні выпушчаны нумар, гутарым зь людзьмі.

Вазьняк: “Гэта вам, каб не забылі, калі прыйдзеце 28 верасьня, за каго галасаваць, бо супернік — чыноўнік з адміністрацыі прэзыдэнта...”

Карэспандэнт: “А вы “Товарищ” чыталі ўжо?”

Спадарыня: “Так, нармальная газэта. Праўдзівая. Да апазыцыі нармальна ставімся. Газэта праглядаецца, але не сказаць, каб надта ўжо запатрабаваная...”

Задаю Сяргею пытаньне, якое найчасьцей гучыць у размовах з тутэйшымі.

Карэспандэнт: “Што канкрэтна можа зрабіць дэпутат для жыхароў Зялёнага?”

Вазьняк: “Ня маючы мандату, праз газэту вырашалі шэраг пытаньняў. На станцыі Марцюхова зрабілі прыпынак электрычкі “Орша — Менск”. У Коханава маладая сям’я з двума маленькімі дзецьмі паўгода ня мела вады — падключылі праз 3 дні пасьля публікацыі. Зрабілі моцную публікацыю пра праблемы хворых на сухоты ў Багушэўску — працуе камісія Мінздрава. Атрымаўшы мандат, зьявяцца большыя магчымасьці дапамагчы людзям...”

Перадвыбарчая барацьба ў тутэйшай 30-й выбарчай акрузе, у якую ўваходзіць Зялёнае, мае дзьве асаблівасьці. Па-першае, Вазьняк быў зарэгістраваны кандыдатам за дзень да заканчэньня рэгістрацыі. Дзякуючы таму, што гэтым жа днём раённая суполка ПКБ, якая яго вылучала, раптоўна атрымала юрыдычны адрас — чаго яе сябры не маглі дабіцца некалькі год.У кулюарах мясцовыя чыноўнікі адкрыта кажуць пра завочнае супрацьстаяньне Сяргеевага суперніка, намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандра Папкова ды віцебскага губэрнатара Ўладзіміра Андрэйчанкі. Кажуць, калі абодва пройдуць у Палату прадстаўнікоў, дык сутыкнуцца ў барацьбе за пасаду сьпікера. Вось і апынуўся апазыцыянэр над сутычкай двух “вэртыкальных” гігантаў. Займеў, так бы мовіць, “зялёнае сьвятло”. Пра другую асаблівасьць сваёй кампаніі Вазьняк расказаў мне сам.

Вазьняк: “Мяне ўразіла, што для асобных прадстаўнікоў Эўрапейскай кааліцыі галоўным супернікам быў не намесьнік кіраўніка адміністрацыі, а кандыдат ад АДС. Зьявілася нейкая прадпрымальніца, таксама пачала зьбіраць подпісы, і было зразумела, што дапамагае Папкову і перашкаджае Вазьняку. У акруговай выбарчай камісіі, калі я здаваў подпісы, яна пачала размову, што я несумленна вяду кампанію. Сама не набрала тысячы подпісаў. І каб я паслухаў, зараз Папкоў быў бы без альтэрнатыўнай кандыдатуры...”

Час кандыдата ў дэпутаты расьпісаны па хвілінах. Па яго прыехаў талачынскі паплечнік — прадпрымальнік, 38-гадовы Ўладзімір Віньнікаў. Больш за дзесяцігодзьдзе гандлюе спажывецкімі таварамі. Пасьля ўвядзеньня ў дзеяньне сумнавядомага бізнэсоўцам 760 указу сёлета вымушаны быў зачыніць адзін з двух шапікаў. І — упершыню ў жыцьці сьвядома прыйшоў у палітыку. Скарыстоўваю кароткія хвіліны для размовы.

Карэспандэнт: “Чаму ты зрабіў стаўку на Вазьняка?”

Віньнікаў: “Гэта мог быць любы іншы кандыдат — не ад улады. Будучыня — схопіць усё Расея. Беспрацоўных афіцыйна 2—3%, а калі капянуць — мабыць, усе 30. Са мной можа адбыцца ўсё што заўгодна. Не спадабаецца ўладзе, што я сказаў — могуць зачыніць, задушыць. Бо ні законы, ні суды не абароняць. Сам вырашыў, што ў парлямэнце павінны быць прадстаўлены розныя погляды і толькі ў спрэчцы можна знайсьці ісьціну, а не калі ўсе маўчаць і пляскаюць у ладкі. Улада адштурхоўвае народ ад сябе, бо прымае законы, якія не спрыяюць разьвіцьцю. Народ страціў магчымасьць працаваць на сваёй зямлі, і палова Зялёнага зьехала ў іншую краіну гастарбайтэрамі. Наш вінзавод выпускае ў суткі 50 тысяч бутэлек віна, і яны разыходзяцца ў раёне, таму што большасьць бачаць сэнс ня ў працы на карысьць Радзімы, сям’і. Таму што ня бачаць будучыні, як жыць, што рабіць...”

Тым часам шлях вёў мяне далей. За кілямэтар зь нечым, таксама ля чыгункі, кампактна пражываюць паўтысячы цыганоў. Кажуць, аселі тут з 19 стагодзьдзя. Гутару з праваабаронцай, сябрам “Беларускага цыганскага аб’яднаньня” Тамарай Івановай.

















Іванова: “Асноўная маса цыган — бяднота. А на сацыяльную пэнсію ў 100 рублёў можна пражыць? А моладзь, што казаць, кінулася ў наркотыкі. У нас раней і п’яніцаў не было. А цяпер наркаманы, большасьць насельнікаў жывуць, як прыйдзецца...”

Карэспандэнт: “А цыгане ходзяць на выбары?”

Іванова: “Пастаянна, як усе людзі. Незадаволеныя ёсьць пры любой уладзе. Пры Савецкай уладзе цыгане толькі і гандлявалі. Жывёлу трымалі. А цяпер на працу ня ўсіх бяруць. І не ва ўсякі калгас цыган возьмуць. Муж, інжынэр, аб’езьдзіў раён — я не магла нідзе ўладкаваць. Ён зьехаў на радзіму, на Ўкраіну, а там да іх ставяцца нармальна. Мяне звольнілі па скарачэньні. У цэнтры занятасьці пачула, што патрабуецца санітарка. Прыходжу, а яны кажуць — “мы цыганку ня возьмем”. Усё, я засталася бяз працы. Моладзь ідзе — “а дзе ваша працоўная кніжка?” Дык калі няма, вазьміце выпішыце яму яе! І хай працуе, калі жаданьне ёсьць!”

Я заходжу ў адзіны цэнтар культуры, што захаваўся — бібліятэку, дзе чытачамі запісана да 200 цыган усякага веку. 9 год працуе тут спадарыня Манькоўская. Напачатку расказвае пра мясцовага унікума, які 20 год чытаў і не дачытаў “Амок” Янкі Маўра. Алена кажа, што праца тут — сьмех скрозь сьлёзы.

Алена
(сьмяецца): “Многія цыгане ня ўмеюць ні чытаць, ні пісаць. Бяруць вялікія дзеці кнігі для малодшых школьнікаў — “Калабок”, “Золушка”. Толькі для таго, каб паглядзець карцінкі. Карцінкі і прападаюць! (Сьмяецца.) Цікавяцца кнігамі пазнавальнымі і дэтэктывамі. Часам ня знойдзеш ані адрасоў, ані кніг — цыган без крадзяжу не цыган...” (Сьмяецца.)

На выхадзе зь Зялёнага сустрэў мужчыну сталага веку на ладным гнядым коніку. Спадар Алег Паплаўскі 30 год адпрацаваў у калгасе на шкодных вытворчасьцях — на млыне, на сушылцы, на пагрузцы вітаміннай мукі. Затое хваліцца, што пэнсія 700 тысяч. Задаволены й месцам пражываньня.

Паплаўскі: “Домік сярэдні з калёнкай, хаткай-пяцісьценкай у сястры нядаўна купілі за чатыры тысячы даляраў. Дай абвестку ў раёнку — у момант купяць, ня лічацца з грашыма — блізка чыгунка, горад...”

Даведаўшыся, адкуль я, спадар Алег хітра скошвае вокам.

Паплаўскі: “Ня дай Божа, патраплю ў чорны сьпіс. А тады на Салаўкі разам з вамі...” (Сьмех.)

Карэспандэнт: “А што за “чорны сьпіс” такі?”

Паплаўскі: “Быў час такі ў 30-я гады. Я ў палітыку ня лезу. А хто нас інфармуе? Ніхто! Ведаю, выбары 28 верасьня — раёнку выпісваю год 30...”

Карэспандэнт: “А як будзеце вызначацца?”

Паплаўскі: “Я па зьнешнім выглядзе магу вызначыцца, калі добры чалавек...”

Я паказваю яму візытку са здымкам Сяргея Вазьняка.

Карэспандэнт: “Вось адзін з кандыдатаў, экстрасэнс вы наш...”

Паплаўскі: “Штосьці добрае ў яго выглядзе ёсьць. Пра яго ў раёнцы было. Калі тут будзе балятавацца, можна і голас аддаць за яго...”