“І байкот, і ўдзел у выбарах вядуць да легітымацыі рэжыму”

Чаму падчас выбарчай кампаніі апазыцыя ўвесь час мяняла рашэньні наконт таго, удзельнічаць ці не? Чаму заходнія палітыкі хочуць, каб прадстаўнікі аб’яднаных дэмакратычных сілаў удзельнічалі ў гэтых выбарах? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Дзяніс Мельянцоў.

Цыганкоў: “Чым можна патлумачыць хістаньні апазыцыі падчас гэтых выбараў? Сойм Партыі БНФ на пасяджэньні 20 верасьня зьмяніў сваё папярэдняе рашэньне аб зьняцьці кандыдатаў у дэпутаты ад партыі з выбараў. Ад АГП зьняліся 5 кандыдатаў, а астатнія засталіся. Ці ня зьменшыліся аўтарытэт і вага дэмакратычных сілаў у выніку гэтых хістаньняў?”

Дзяніс Мельянцоў
Мельянцоў:
“Хістаньні былі зьвязаныя з адсутнасьцю кансалідаванай пазыцыі аб’яднаных дэмакратычных сілаў наконт выбараў. Бо ад самога пачатку не было адзінага разуменьня, ці браць удзел у выбарах ці байкатаваць — і ў якой форме.

Адназначна можна сказаць, што гэта не падвышае шанцы апазыцыі. Бо гэта толькі заблытвае выбарнікаў, якія не разумеюць, што робіцца і якая генэральная лінія апазыцыі. Менск заклеены налепкамі пра байкот, а зь іншага боку, некаторыя дэмакратычныя кандыдаты ўсё ж балятуюцца — гэта стварае мяшанку ў галовах выбарцаў, які не разумеюць, што ж увогуле адбываецца”.

Цыганкоў: “Намесьнік Старшыні БНФ Віктар Івашкевіч у нашых ранішнім эфіры заявіў, што “значная частка прадстаўнікоў розных фондаў і грамадзкіх арганізацый, дыпмісіяў Захаду чамусьці настойліва патрабуюць, каб прадстаўнікі аб’яднаных дэмакратычных сілаў ішлі на выбары да канца”. Чым можна патлумачыць такую пазыцыю заходніх палітыкаў і ці нельга расцаніць гэта як крок да прызнаньня выбараў?”

Мельянцоў: “На маю думку, і байкот, і ўдзел апазыцыі ў выбарах з аднолькавай верагоднасьцю вядзе да легітымацыі рэжыму пры наяўнасьці адпаведнай палітычнай волі з боку Захаду. Калі апазыцыя байкатуе выбары, яна дазваляе ўладам не фальсыфікаваць на ўчастках, бо выбары будуць безальтэрнатыўныя. Тады, хутчэй за ўсё, справаздача назіральнікаў АБСЭ будзе станоўчай, і гэта прывядзе да прызнаньня выбараў. Калі ж апазыцыя ўдзельнічае, то гэта можа прывесьці да таго, што ўлада рашыцца прапусьціць некалькі апазыцыянэраў у парлямэнт, што таксама прывядзе да прызнаньня гэтых выбараў.

Я бачу тут розныя матывацыі з боку заходніх палітыкаў, якія хочуць палепшыць адносіны зь Беларусьсю, спыніць існаваньне “беларускага пытаньня”, і таму ім трэба, каб у парлямэнце прысутнічалі апазыцыянэры”.

Цыганкоў: “А што будзе рабіць Захад, калі 29 верасьня будзе абвешчана, што ніхто з апазыцыянэраў у парлямэнт не прайшоў? І Аляксандар Лукашэнка скажа штосьці накшталт: “мы рабілі ўсё магчымае, але народ іх не падтрымаў”?

Мельянцоў: “Як мне здаецца, некаторыя дзяржавы хутчэй прызнаюць выбары ў аднаасобным парадку, нават калі даклад АБСЭ будзе ня вельмі станоўчым. Мяркуючы па сёньняшніх заявах і прыватных размовах, міжнародныя назіральнікі кажуць пра недэмакратычнасьць электаральнай кампаніі, але канстатуюць невялікі прагрэс у параўнаньні з мінулымі выбарамі. І такая фраза ў фінальным дакладзе АБСЭ — пра “прагрэс” — можа даць падставы эўрапейскім структурам, асобным эўрапейскім дзяржавам прызнаць гэтыя выбары”.