А.Лукашэнка: “Апазыцыя ўжо рыхтуе намёты для другога майдану”

“Мы зацікаўленыя ў тым, каб новы парлямэнт быў прызнаны на міжнароднай арэне. Але гэта не самамэта”, — заявіў А.Лукашэнка.

“Выбарчым органам прыйшлося, мякка кажучы, заплюшчыць вочы на некаторыя хібы ў афармленьні дакумэнтаў кандыдатамі ў дэпутаты для таго, каб у выбарах змагла ўзяць удзел максымальна магчымая колькасьць кандыдатаў”, — распавёў А.Лукашэнка, выступаючы на нарадзе, прысьвечанай выбарам.

“Найбольш “заплюшчылі вочы” на выбрыкі кандыдатаў ад гэтак званай апазыцыі, каб яны ня бегалі і ня плакалі, што іх не зарэгістравалі”, — зазначыў А.Лукашэнка.

“Мы зрабілі ўсё, каб выбарчы працэс праходзіў адкрыта, чэсна і дэмакратычна”, — запэўніў А.Лукашэнка.

Паводле ягоных словаў, беларускія ўлады стварылі “беспрэцэдэнтныя ўмовы адкрытасьці гэтай кампаніі, запрасіўшы фактычна ўсіх жадаючых назіраць за хадой выбараў”, паведамляе Інтэрфакс.

Ён дадаў, што на сёньня ў Беларусі акрэдытавана болей за 400 міжнародных назіральнікаў. “Гэтая лічба да нядзелі павялічыцца ў 2,5 раза”, — паведаміў А.Лукашэнка.

“Мы не дапусьцім ніякага бязладзьдзя нідзе – ні ў Менску, ні ў іншых гарадах. Хоць гэтае безуладзьдзе можа быць толькі ў Менску, каб наладзіць паказуху: “улада загнівае” і гэтак далей”, – заявіў А.Лукашэнка.

“Выбары яшчэ не пачыналіся, а апазыцыя ўжо пагражае байкотам і зьбірае намёты для арганізацыі другога “майдану” ў той час, як толькі зачыняцца ўчасткі для галасаваньня. Яшчэ вынікаў ня будзе, а яны ўжо гатовыя наладзіць нешта кшталту ўкраінскага варыянту”, – абурыўся кіраўнік дзяржавы, перадае БелТА.

“Яны ня ведаюць, як прыкрыць сваю бездапаможнасьць і канчаткова не зганьбіцца перад усім сьветам сваімі нізкім аўтарытэтам у сваёй краіне”, дадаў ён.


“Мы і так скачам пад дудку назіральнікаў”, — заявіў кіраўнік краіны.