Адзін і той жа выбарнік можа прагаласаваць некалькі разоў

Сёньня місія назіральнікаў БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) АБСЭ, якая працуе ў Беларусі, распаўсюдзіла прамежкавую справаздачу аб выніках назіраньня за выбарчай кампаніяй.
Normal 0

У ёй паведамляецца, што місія дагэтуль не атрымала гарантыяў ад Цэнтравыбаркаму, што назіральнікі будуць мець магчымасьць ажыцьцяўляць паўнавартасны кантроль за падлікам галасоў.

У справаздачы БДІПЧ зьвяртаецца ўвага на тое, што падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў існуе магчымасьць шматразовага галасаваньня адных і тых жа грамадзянаў:

“У Беларусі сьпісы выбарцаў складаюцца па кожным выбарчым участку, пры гэтым цэнтралізаванага альбо зводнага сьпісу не існуе. Адсутнасьць цэнтралізаваных дадзеных уліку выбарцаў на агульнацыянальным альбо акруговым роўні азначае фактычную немагчымасьць перакрыжаванай праверкі імёнаў, якія могуць паўтарацца”.

Спэцыяліст у галіне выбараў Сяргей Альфер цалкам падзяляе такія высновы:


“На сёньняшні дзень выбарца, які прапісаны ў адным месцы, а пражывае ў іншым, можа галасаваць і там, і там абсалютна спакойна. Выбарчыя камісіі могуць абсалютна спакойна ўносіць любых людзей у сьпісы альбо выкрэсьліваць іх. І даведацца пра гэта будзе абсалютна немагчыма.

Калі патрэбна, нейкую частку людзей фармальна ўключаюць у сьпісы. Яны могуць прыйсьці і прагаласаваць. Калі не патрэбна, дык вялікую частку людзей можна выкрасьліць са сьпісаў. Калі ж нехта зь іх і зьявіцца на ўчастак, то яму заўжды можна сказаць: прабачце, мы памыліліся. І ўключаць яго дадаткова ў сьпіс.

Тая выбарчая сыстэма, якая існуе цяпер у Беларусі, дазваляе маніпуляваць сьпісамі выбарцаў вельмі і вельмі істотна. Каб не было такой маніпуляцыі, трэба рабіць тое ж самае, што робіцца ў іншых краінах — стварыць дзяржаўны рэестар выбарцаў”.

Назіральнікі БДІПЧ зьвяртаюць увагу на тое, што ў многіх участковых камісіях задзейнічаны прадстаўнікі адной і той жа арганізацыі альбо ўстановы. А гэта, як напісана ў справаздачы, “можа стварыць паміж сябрамі камісіі дачыненьні герархічнай падначаленасьці”.

Сябра Цэнтравыбаркаму з правам дарадчага голасу ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімір Раманоўскі так камэнтуе гэтую выснову:

“На маім выбарчым участку, дзе я буду галасаваць і куды я ўчора схадзіў, цалкам кіруюць прадстаўнікі хлебазаводу, на чале з намесьнікам дырэктара па маркетынгу. І я сам сабе кажу: я дакладна ведаю, што карпаратыўны інтарэс існуе. Але ж ён можа дзейнічаць і тут. Вось у такіх умовах і нараджаецца сыстэма”.

Адказны за сувязі з мэдыямі ў складзе місіі БДІПЧ Іван Гадарскі на просьбу пракамэнтаваць справаздачу адказаў так:

“Толькі амбасадар, наш кіраўнік можа выступаць ад імя місіі. Калі вы хочаце нейкіх камэнтароў, мы можам паспрабаваць арганізаваць сустрэчу зь ім”.

Старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай і сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка сёньня цягам усяго дня ў Менску няма. А іншыя супрацоўнікі камісіі кажуць, што ня маюць права камэнтаваць справаздачу для мэдыяў.