Польскае радыё са спасылкай на газэту “Rzeczpospolita” паведаміла, што польскі бок нібыта схіляе Анжаліку Борыс, каб яна адышла ад кіраўніцтва Саюзам палякаў, які не прызнаецца беларускімі ўладамі. Тлумачэньне наступнае: гэты крок мог бы паспрыяць паляпшэньню дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі. Праўда, паведамляецца таксама, што намесьнік міністра замежных справаў РП Анджэй Крэмер абвяргае зьвесткі, надрукаваныя ў гэтым выданьні.
У суботу 20 верасьня ў Горадні зьбярэцца пазачарговае паседжаньне Рады СПБ на чале з А.Борыс, і адным з асноўных будзе гэтае пытаньне. Але, як адначасова паведаміў нашаму радыё прэсавы сакратар гэтай грамадзкай арганізацыі Ігар Банцар, інфармацыя, пададзеная ў польскіх мэдыях “напэўна недакладная, няпоўная і яшчэ рана казаць, што спадарыня Борыс адыйдзе”. Магчыма заўтра на радзе штосьці вырашыцца, а калі не на гэтай, то на наступнай, сказаў ён.
Польшча падтрымлівала столькі год Анжаліку Борыс, Саюз палякаў і раптам ад іх адвернуцца і скажуць усё, “да пабачэньня”
Сама Анжаліка Борыс, паводле Ігара Банцара, сёньня вяртаецца з Польшчы. Нам удалося да яе дазваніцца, і яна сказала, што з камэнтарамі пачакае да заканчэньня суботняга паседжаньня Галоўнай рады СПБ.