Сёньня „The Financial Times” (FT) і „Frankfurter Allgemeine Zeitung” (FAZ) апублікавалі артыкулы, заснаваныя на інтэрвію, якое ўчора прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка даў карэспандэнтам гэтых выданьняў, Стэфану Ўэгстылу і Міхаэлю Людвігу.
Абодва выданьні ў асноўным пішуць пра адно і тое ж, але па-рознаму расстаўляюць акцэнты. FT, напрыклад, пачынае артыкул ад заўвагі, што Лукашэнка атрымлівае асалоду ад сваёй славы „апошняга дыктатара ў Эўропе”. Ня кожнаму выпадае гонар пасядзець за адным сталом з такой пэрсонай — такой заўвагай, паводле FT, Лукашэнка cустрэў абодвух журналістаў.
Але Лукашэнка зараз жа і паставіў пад сумнеў гэты свой тытул, кажучы: „Я буду рады, калі вы перадасьце людзям у Эўропе мае простыя словы: Я ня маю дыктатарскіх амбіцый, каб заставацца пры ўладзе, але я надзвычай залежны ад волі народу”.
Я ня маю дыктатарскіх амбіцый, каб заставацца пры ўладзе, але я надзвычай залежны ад волі народу
Лукашэнка таксама абвінаваціў Захад у „двайных стандартах”, даючы зразумець, што Расеі, у якой выбары таксама праходзяць не без заганаў, удаецца пазьбегчы крытыкі і санкцый.
Беларускі прэзыдэнт заявіў, што яму ўсё роўна, здыме Захад ці не візавыя санкцыі супраць яго ды іншых беларускіх афіцыйных асобаў, але адначасова заклікаў да спрашчэньня асабістых і дзелавых кантактаў для шараговых беларусаў.
Ці можаце сабе ўявіць, што нямецкаму канцлеру маглі б забараніць уваход у беларускую паветраную прастору, калі ён ляціць у Маскву?
Лукашэнка сказаў, што ён добра служыць сваёй краіне, — падмацоўваючы гэтае сьцьвярджэньне дадзенымі аб росьце беларускага ВУП — і заявіў, што сваю пасаду пакідаць не зьбіраецца, спасылаючыся на тое, што „англійская каралева” знаходзіцца пры ўладзе ўжо даўно.
Паводле FT, Лукашэнка ўсьведамляе сабе, што ён выклікаў раздражненасьць Масквы, не прызнаючы незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Але ён не выключае, што зробіць так у будучыні, калі гэтае пытаньне будзе разглядаць будучы парлямэнт.
магчыма, ён мае надзею атрымаць новы стабілізацыйны крэдыт ад Максвы — гаворка ідзе пра два мільярды даляраў — і адтэрмінаваньне павышэньня коштаў на расейскія энэрганосьбіты
FAZ завяршае свой артыкул рэфлексіяй, што Лукашэнка цяпер, хутчэй за ўсё, спрабуе прамацаць Расею і Захад, што ён можа атрымаць ад кожнага з бакоў за (не)прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. „Магчыма, размова ідзе пра зьняцьцё напружанасьці з Захадам і эканамічную дапамогу адтуль. А, магчыма, ён мае надзею атрымаць новы стабілізацыйны крэдыт ад Максвы — гаворка ідзе пра два мільярды даляраў — і адтэрмінаваньне павышэньня коштаў на расейскія энэрганосьбіты” — заключае FAZ.