“Без баламутаў -- не парлямэнт, а зборышча падхалімаў”

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 19 верасьня, пятніцу.


Удзельнікаў акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых, якая адбылася ўвечары 16 верасьня ў Менску, зьбілі ўзброеныя спэцназаўцы. Слухачы Свабоды працягваюць абмяркоўваць гэтую тэму:

Спадар Зіноўеў: “Я лічу, што амапаўцаў, як вайскоўцаў, павінен судзіць вайсковы суд Менскага гарнізону”.

Спадар: “Я хачу выказаць такую прапанову: няхай сябры партыяў набываюць бел-чырвона-белыя сьцягі і вывешваюць у сябе дома. Бо ў цэнтры гораду з нашымі сьцягамі зараз зьяўляцца небясьпечна. А ў мяне дома сьцяг вісіць ужо другі тыдзень і ніхто, ніводзін міліцыянт не прыдзіраецца”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні грамадзкай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Алесь Міхалевіч:

“Я абсалютна згодны з гэтым меркаваньнем, толькі з тым удакладненьнем, што трэба вывешваць сьцягі на сьвяты. Да прыкладу, на 25 сакавіка, 27 ліпеня, 8 верасьня — на беларускія нашыя сьвяты дзеля таго, каб людзі запытваліся: а чаму сёньня вісіць сьцяг, што за сьвята? Дзеля таго, каб была таксама нагода праводзіць інфармацыйную кампанію”.

Тэма выбараў — у наступным тэлефанаваньні:

Спадар: “Хачу адказаць таварышу, што тэлефанаваў на “Свабоду” і казаў, што нашаму парлямэнту баламуты не патрэбныя. Нават у маштабах сям’і любое больш-менш важнае рашэньне прымаюць пасьля абмеркаваньня. Іначай нельга. А ў маштабах усёй краіны гэта важна тым больш. Так што, паважаныя, “баламуты,” як вы іх дазволілі сабе назваць, у Парлямэнце патрэбныя. А то гэта будзе не парлямэнт, а зборышча падхалімаў”.

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “Хацеў бы спытаць у слухачоў Радыё Свабода, як у дэмакратычнай Беларусі часоў Станіслава Шушкевіча мог прыйсьці да ўлады такі чалавек, як Аляксандр Лукашэнка, як гэта магло здарыцца?”

На пытаньне слухача прапануем адказаць грамадзкаму рэдактару гэтага тыдня на Радыё Свабода Паўлу Севярынцу:

“У Беларусі часоў Шушкевіча і Кебіча такі чалавек, як Лукашэнка, павінен быў прыйсьці да ўлады. Бо грамадзтва, якое толькі-толькі вызвалілася ад камунізму, не пакаялася ў сваіх грахах і сваім бязбожжы, ня стала на цьвёрды падмурак духоўнасьці і маральнасьці. Таму вырак гісторыі быў адзін: папулізм. Прычым аўтарытарны, арыентаваны на Расею. Гэта гістарычная драма беларускага народу, але гэта і заклік да ўсіх нас — пакаяцца за грахі камунізму. Гэта важна зразумець зараз, і гэтае пытаньне вельмі слушнае”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Ільля Копыл, Менск: “Са СМІ даведаўся, што некаторыя праўладныя грамадзкія арганізацыі выступілі з ініцыятывай зрабіць дзень 17 верасьня, дзень нападу СССР на Польшчу, сьвяточным днём. Лічу, што такая ініцыятыва — гэта зьдзек з гісторыі Беларусі і Польшчы. Гэта абраза заходніх беларусаў і палякаў. Як можна лічыць гэта сьвятам, калі дзясяткі тысяч, а можа, і сотні тысяч заходніх беларусаў былі рэпрэсаваныя, альбо расстраляныя, альбо высланыя на поўнач і ў Сыбір. Як можна лічыць сьвятам расстрэл палякаў і беларусаў у Катыні? Як можна лічыць сьвятам падзею, у выніку якой была разьвязаная Другая Сусьветная вайна? Можа, хопіць зьдзекаў з гісторыі?”

Спадар Яцкевіч, Віцебск: “Паслухайце, што я прысьвяціў вам.

Не заўсёды даюць мне паслухаць “Свабоду”.
Тыя службы сёньня павінны сказаць:
“Гэтак дбаюць пра клопат, патрэбы народу,
Што жадаюць і вушы, і рот завязаць”.

Ім дарэчы вайна і спрадвечныя казкі,
Тыя плёткі, што вельмі зычліва плятуць,
Бо сумленьне прадалі сваё за падманку,
Што ўлады сёньня для іх падаюць.

Толькі трэба запомніць— “Свабода” як птаха,
Што лунае высока, над намі кружыць
Ды ўсіх заклікае: “Ня ведайце страху,
Калі хочаце лепшую долю здабыць”.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.