На найстарэйшых у Берасьці Трышынскіх могілках урачыста ўсталяваны і асьвечаны помнік Адаму Трыпусу.
У 1918 годзе ён вітаў утварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, а пазьней дзейнічаў як партызанскі камандзір ад ураду БНР на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі.
Адам Трыпус быў забіты ў Берасьці ў 1965 годзе. Гісторык Ігар Бараноўскі перакананы, што беларускага патрыёта зьнішчылі спэцслужбы СССР:
“Яго знайшлі з моцна разьбітай галавой. Не дазволілі правесьці ніякага сьледзтва, а загадалі адразу пахаваць. Гэтую сытуацыю кантралявалі сілавыя структуры. Я зьвязваю трагічную падзею з тым, што многіх эмігрантаў, якія былі антысаветчыкамі, прыбіралі фізычна. Гэта быў час, калі кароткая хрушчоўская адліга заканчвалася і зноў пачынаўся перасьлед”.
Ігар Бараноўскі кажа, што за некалькі апошніх гадоў здолеў высьветліць асноўныя зьвесткі пра жыцьцё і дзейнасьць Адама Трыпуса:
“Яму давялося жыць у складаны гістарычны пэрыяд. Ён засьпеў царскую Расею і польскую дзяржаву. Таксама ўдзельнічаў у спробе ўсталяваньня БНР, бо жыў тады ў Горадні, якая была сталіцай БНР. Таксама гэта быў час, калі на Беларусь прыйшлі першыя саветы, пасьля іх — немцы, а за імі — зноў саветы”.
У пэрыяд змаганьня за незалежнасьць Беларусі ў 1920-я гады Адам Трыпус быў камэндантам Гарадзенскага павету і сябрам Гарадзенскага акруговага штабу антыпольскага партызанскага руху, які арганізаваў урад БНР Вацлава Ластоўскага. У 1923 годзе Адам Трыпус праходзіў у судовым працэсе па “справе 45-ці” ў Беластоку. Там судзілі барацьбітоў за беларускасьць.
Пра ініцыятараў усталяваньня помніка Адаму Трыпусу ў Берасьці расказвае сябра руху “За свабоду” Наста Ільіна:
“Усталяваньне помніка было прымеркавана да 90-годзьдзя БНР. Да гэтай справы далучыліся грамадзкія актывісты зь Берасьця, удзельнікі руху “За свабоду”. Прыемна, што ў час адкрыцьця помніка былі людзі, якія асабіста ведалі Адама Трыпуса — гэта спадар Георгій Грынкевіч — і людзі, якія ведалі сям’ю Адама Трыпуса, яго дачку Ірыну Трыпус. Яна жыла ў Берасьці і была выкладчыцай польскай, нямецкай і ангельскай моваў. Пра яе расказала Марыя Лукашук”.