Сёньня ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні апыталі чатырох чалавек па справе аб прызнаньні экстрэмісцкімі шэрагу матэрыялаў у друкаванай і электроннай форме.
У розны час іх сканфіскавалі на мяжы ў гарадзенцаў Уладзімера Ларына з АГП, журналіста Анджэя Пісальніка, студэнта-каліноўца Аляксея Трубкіна і беспрацоўнага з Івейскага раёну Дзьмітрыя Ёдкі. Ініцыятар справы — Гарадзенская абласная ўправа КДБ.
Судзьдзя Аляксандар Сіцько патлумачыў, якая судовая працэдура чакае выкліканых людзей.
Судзьдзя: “Так, праводзіцца гутарка папярэдняя, потым высьвятляецца ў бакоў — ці атрымалі яны копіі заключэньня, іхнія пярэчаньні, ці жадаюць яны мець сваіх прадстаўнікоў. Потым будуць запрашаць прадстаўнікоў толькі зацікаўленых асобаў, гэта значыцца — УКДБ, далей — мытню гарадзенскую рэгіянальную і тых, каму прад’яўленыя прэтэнзіі. Так, Ларын Уладзімір Мікалаевіч. Давайце так: прадстаўнік УКДБ, прадстаўнік мытні ёсьць? Праходзьце сюды!”
Уладзіміра Ларына прыцягнулі да справы за кніжку, якую ён нават не пасьпеў прачытаць.
Ларын: “Я быў выкліканы проста на гутарку, у кастрычніку будзе першае слуханьне справы. Сказалі, што літаратура зьяўляецца экстрэмісцкай.
Кніжка называецца “Случайный президент”. Гэта было 13 лістапада 2007 году, я перасякаў беларуска-літоўскую мяжу, быў ператрус, і ў мяне сканфіскавалі гэтую кніжку”.
Здарылася гэта на памежным пераходзе “Прывалка”.
Карэспандэнт: “Анджэй Пісальнік выйшаў з суду: пра што канкрэтна была размова?”
Пісальнік: “Я папрасіў азнаёміцца з матэрыяламі справы, узбуджанай па ініцыятыве КДБ. У справе, на жаль, я нічога не пабачыў, што пацьвярджала б пазыцыю КДБ пра тое, што “Głos znad Niemna na uchodźstwie” мае нейкі экстрэмісцкі зьмест. Да такой высновы прыйшоў намесьнік начальніка ўправы КДБ па Гарадзенскай вобласьці А.Манкевіч, што газэта ўтрымлівае інфармацыю з прыкметамі экстрэмісцкага накірунку. Сама справа называецца — аб прызнаньні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі. Вось тое, што я пабачыў у справе, якую мне даў судзьдзя”.
Анджэю Пісальніку патлумачылі, што да 25 верасьня ён можа падаць свае пісьмовыя пярэчаньні адносна зьместу справы.
Пісальнік: “У заяве КДБ я ня ўбачыў спасылак, цытатаў, нават назвы артыкулаў “Głosu znad Niemna na uchodźstwie”, у якіх, на іх думку, можа ўтрымлівацца экстрэмізм”.
Беспрацоўны Дзьмітры Ёдка вяртаўся з Польшчы зь сябрам на машыне. З польскага боку праходзіла акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, аўтападарожным раздавалі ўлёткі і кампакт-дыскі.
Ёдка: “Ну, нечакана далі дыск, на мяжы затрымалі, а цяпер выклікала во КДБ — нізавошта. Што ў пратаколе напісалі — ужо ня памятаю, год назад было на мяжы”.
Дзьмітры Ёдка нават не пасьпеў зразумець — што было запісана на тых двух дысках, якія да яго трапілі выпадкова.
Па справе праходзяць яшчэ пяць чалавек, якіх сёньня не было: Юры Марціновіч, Дзьмітры Мальчык, Барыс Гарэцкі, Яўген Скрабутан і Валер Шчукін.