Спэцназаўцы разагналі акцыю Салідарнасьці з сем'ямі зьніклых. Некалькі чалавек, у тым ліку Франак Вячорк і Анатоль Лябедзька, былі зьбітыя. Удзельнікі акцыі, сярод якіх былі кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, лічаць, што дзеяньні сілавікоў сьведчаць аб тым, што ўлады дагэтуль ня вызначыліся наконт дэмакратызацыі выбарчага працэсу.
Франак Вячорка будзе зьвяртацца па мэдычную дапамогу. Яго, як і некалькіх удзельнікаў акцыі, зьбілі на рагу вуліц Інтэрнацыянальная і Янкі Купалы. Гаворыць Франак Вячорка:
“Спэцназаўцы пачалі адбіраць бел-чырвона-белыя сьцяжкі, а таксама папяровыя сьцяжкі Эўразьвязу і НАТО. Я ўчапіўся за адзін сьцяг, спрабуючы яго выратаваць. Тады спэцназавец адцягнуў мяне ўбок, некалькі разоў ударыў па назе, а таксама ў пахвіну. У выніку гэтага я зваліўся на зямлю.
Калі людзі пачалі крычаць: “Жыве Беларусь!”, “Фашысты!”, спэцназаўцы гвалтоўна нам затыкалі раты. Я зьбіраюся зьняць свае пабоі, свае раны і сінякі, каб зьвярнуцца са скаргай у пракуратуру.
Думаю, што ўлада чарговы раз адкажа, што мы самі сябе пабілі альбо спатыкнуліся”.
Вінцук Вячорка спрабаваў дапамагчы свайму сыну і таксама пацярпеў ад міліцыянтаў -- яму разьбілі акуляры.
“Тут спалучэньне двух фактараў. Па-першае, улада ня мае канчатковага рашэньня пра тое, што кампанія павінна адбывацца дэмакратычна. Мы знаходзімся ў кантэксьце выбарчай кампаніі. Тое, што той жа самы менскі спэцназ ня мае дакладных інструкцыяў аб неўжываньні сілы, ёсьць сьведчаньнем таго, што такога палітычнага рашэньня аб неўжываньні сілы няма.
Па-другое, тут праяўляецца заарыентаваннасьць сілавых структураў на брутальнасьць, на канцэпцыю расправы з палітычнымі апанэнтамі”.
А 6-й вечара, як толькі ўдзельнікі акцыі сталі з партрэтамі зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара , Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага, спэцназаўцы пачалі выціскаць людзей з плошчы. Яны забіралі ў людзей сьцягі і некаторых зьбівалі, у тым ліку дзяўчат.
Спэцназаўцы абкружылі натоўп і гналі людзей у бок вуліцы Багдановіча. На вуліцы Старажоўскай яны атрымалі загад сысьці ў аўтобус. Яшчэ некалькі спэцназаўцаў у цывільным суправаджалі частку ўдзельнікаў акцыі за краму “Панарама”.
Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі выказаў сваё меркаваньне.
“Думаю, што новае камандаваньне спэцназу хацела зацьвердзіць сябе, што яно ня горшае за старое, а, можа, і лепшае. Ніякай лёгікі ў гэтай брутальнасьці абсалютна няма.
Быў дождж. Пад дажджом доўга не пастаіш з партрэтамі, надрукаванымі на паперы. Навошта рабіць дэманстрацыю дурной сілы? Бывае дэманстрацыя сілы, а бывае дэманстрацыя дурной сілы. Гэта быў якраз другі выпадак”.
У акцыі бралі ўдзел лідэр ПКБ Сяргей Калякін, лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, ягоныя намесьнікі Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч, Валянціна Палевікова, Зінаіда Ганчар, Аляксандар Дабравольскі, кандыдаты ў дэпутаты ды іншыя.