Чаму Эўразьвяз ня зьняў санкцыі да выбараў?

e

Міністры замежных справаў ЭЗ заявілі, што ўзмоцняць „афіцыйныя, эканамічныя і культурныя сувязі” зь Беларусьсю, калі парлямэнцкія выбары будуць праведзеныя справядліва і дэмакратычна.
Як можна ацаніць гэтае рашэньне? Паводле якіх прынцыпаў эўрапейцы будуць вызначаць, ці пройдзены выбары дэмакратычна? На гэтыя пытаньні адказвае старшыня Шуманаўскага таварыства палітоляг Ігар Лялькоў.
Цыганкоў: “Наколькі заканамерным стала гэтае рашэньне міністраў? Пасьля візыту ў Беларусь міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага можна было падумаць, што Эўразьвяз можа зьняць санкцыі нават да выбараў. Але гэтага не адбылося..”
Лялькоў: “Я ацэньваю гэтае рашэньне як цалкам лягічнае і заканамернае. Ужо не аднаразова падкрэсьлівалася, што выбары будуць этапам, па выніках якога можна будзе меркаваць, ці Беларусь набліжаецца да нейкіх эўрапейскіх стандартаў, ці сапраўдны жадае паляпшэньня адносінаў з Захадам альбо не.
Калі ўявіць, як ішла дыскусія, то можна меркаваць, што якраз суседзі Беларусі (Літва, Латвія і Польшча) схілялі да таго, каб зрабіць нейкі дэманстратыўны крок насустрач Менску. Але мы памятаем і пазыцыю міністра замежных справаў Нідэрляндаў Максыма Вэрхагена, які заявіў, што ніякага зьняцьця санкцыяў да выбараў быць ня можа. Таму я думаю, што якраз краіны старой Эўропы настаялі на тым, каб зьняцьце санкцыяў было зьвязана з выбарамі”
Цыганкоў: “Як беларускія ўлады дакажуць, што выбары прайшлі дэмакратычна? Прадстаўнікі апазыцыі ўжо зараз ня лічаць іх дэмакратычнымі. Якія заявы можна чакаць пасьля 28 верасьня?”
Лялькоў: “Мяркую, што свае высновы эўрапейцы будуць рабіць па выніках справаздачы місіі АБСЭ, а не па выніках заяваў суб’ектаў беларускай палітыкі. Наколькі мы ведаем, першапачатковая прамежкавая справаздача, якую зрабіла місія, вытрыманая ў дастаткова пазытыўных фарбах для беларускай улады. Адзначаюцца пэўныя праблемы, але ня больш за тое.
Я думаю, што вельмі важных чыньнікам прызнаньня ці непрызнаньня выбараў стануць адносіны да назіральнікаў – наколькі яны былі вольныя ў сваіх дзеяньнях, наколькі яны ня будуць ушчамляцца. Пры гэтым гэта будзе тычыцца ня толькі міжнародных, але і беларускіх назіральнікаў. Ну і наколькі празрыстым будзе падлік галасоў, і да якіх вынікаў ён прывядзе. Менавіта на падставе гэтых крытэраў будзе рабіцца выснова ад прызнаньні ці не прызнаньні выбараў”.