Паводле сустаршыні Аб’яданых дэмакратычных сілаў Беларусі лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, былы палітвязень Аляксандар Казулін, які на гэтым тыдні запрошаны ў Брусэль і Вашынгтон, атрымаў мандат на агучваньне пазыцыі АДС.
А.Казулін сустрэнецца з міністрамі замежных справаў Эўразьвязу, а пазьней будзе мець спатканьне ў Белым доме на запрашэньне прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша.
“У тым ліку Казулін агучыць і пазыцыю АДС па санкцыях. Мы лічым, што ў пэрспэктыве санкцыі могуць быць адмененыя. Але рашэньне трэба прымаць не адразу і чохам, а па меры зьнікненьня прычын іх зьяўленьня. Напрыклад, калі Ярмошына патрапіла ў гэты сьпіс за фальсыфікацыі выбараў, то зразумела, што яна можа выйсьці з гэтага сьпісу, калі такіх фальсыфікацыяў не адбываецца. Альбо калі Падабед арганізоўваў зьбіцьцё людзей на мірных дэманстрацыях, то натуральна, калі дэманстрацыі будуць праходзіць без зьбіцьця, мірна, то тады няма неабходнасьці трымаць у гэтым сьпісе Падабеда”.
Санкцыі Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў былі эфэктыўнымі, перакананы А.Лябедзька, бо ўлады ў той ці іншай ступні іх рэальна адчувалі.
“Пагроза трапіць у сьпіс невыязных альбо у сьпіс людзей, супраць якіх уводзяцца фінансавыя санкцыі, была не вельмі прыемнай для большасьці чыноўнікаў. Яны стараліся іх пазьбягаць. Як прэвэнтыўныя захады гэта было карысна”.