Незалежны кандыдат Андрэй Левінаў атрымаў адказ на сваю скаргу пра тое, што 5 верасьня падчас трансьляцыі ягонага выступу прапаў гук — якраз у тым месцы прамовы, дзе ён заклікаў не ісьці на датэрміновыя выбары.
Акруговая камісія Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі № 19 паведаміла кандыдату, што ягоны выступ можа быць паўтораны ўвечары 12 верасьня, і што телерадыёкампанія і Міністэрства сувязі вядуць унутрыведамасную праверку, чаму адбыўся збой у трансьляцыі.
Паводле Андрэя Левінава, з Цэнтравыбаркаму ён атрымаў адказ іншага зьместу: яму паведамілі пра мажлівасьць паўтарыць у тэлеэфіры ня ўвесь выступ, а толькі тыя 30—40 сэкундаў, якія прайшлі бяз гуку. Аднак Цэнтравыбаркам ня стаў аспрэчваць рашэньня, прынятага акруговай камісіяй, наконт паўтору тэлевыступу цалкам.
Кандыдат Левінаў з прызначанай на 12 верасьня датай трансьляцыі не пагадзіўся. Ён лічыць, што такім чынам будзе парушаны прынцып роўных магчымасьцяў для ўсіх кандыдатаў: ягоныя канкурэнты мелі пяць сутак, каб спавясьціць выбарцаў пра тэлевыступ, а ён даведаўся пра рашэньне акруговай камісіі значна пазьней.