Сёньня вядомаму пэдагогу, краязнаўцу Алесю Белакозу споўнілася 80 гадоў. Усё жыцьцё ён працаваў настаўнікам. Алесь Белакоз стварыў у сваёй школе ў вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёну ўнікальны літаратурна-этнаграфічны музэй. Цяпер ён на пэнсіі, аднак час ад часу водзіць экскурсіі, бо ніхто ня здольны гэта рабіць так захапляльна і эмацыйна.
Сам юбіляр у свае 80 мае шмат плянаў:
“Калі мне ў 1986 годзе сказалі, што ў мяне рак, пайшлі мэтастазы і ўжо няма ратунку, я прасіў у Бога, каб даў яшчэ паўгода пажыць. Дзякуй Богу, адмовіўся ад лекараў і ўжо 22 гады жыву і добра сябе адчуваю. Лічу, што ў 80 гадоў ужо ня сорамна паміраць. Але ў мяне яшчэ даволі вялікія працоўныя пляны — на гадоў шэсьць. Ну а там, відаць, зьявяцца новыя...”
Алесь Белакоз марыў стаць мэдыкам, але ў мэдінстытут не паступіў. У 1948 годзе пачаў працаваць у Гудзевіцкай школе. Хацеў стаць матэматыкам, але лічыў, што найпершы абавязак кожнага чалавека, а тым больш настаўніка, добра ведаць родную мову. У 1965-м ён наладжвае ліставаньне вучняў зь вядомымі беларускімі пісьменьнікамі, арганізоўвае школьны кабінэт беларускай літаратуры, на базе якога празь некалькі гадоў быў адкрыты музэй. З 1990 году Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музэй мае статус дзяржаўнага і налічвае амаль 15 тысяч экспанатаў, сабраных Алесем Белакозам разам з вучнямі. Да прыкладу, там знаходзіцца адзіны глёбус з надпісамі на беларускай мове. Калісьці па ім вывучалі геаграфію навучэнцы віленскай беларускай гімназіі. Самыя дарагія экспанаты для Алеся Белакоза...
“Гэта лісты нашых беларускіх патрыётаў, успаміны пісьменьнікаў Ларысы Геніюш, Мележа, Караткевіча, Быкава, Карпюка, чарнавікі іх твораў, пажаданьні для Беларусі, выказваньні пра мову. У нас вельмі шмат сабрана выказваньняў пра мову. Гэта для мяне самае дарагое. Таксама вельмі дарагія этнаграфічныя экспанаты ў нас ёсьць: падвойны дыван, на ім выткана дата “1898 год”, дыван 1900 году, які ахвяравала Ларыса Геніюш. Наагул, у нас сёньня самая багатая калекцыя падвойных дываноў у сьвеце”.
Алесь Белакоз неаднойчы адчуваў ціск з боку ўладаў, а таксама КДБ. Аднак, нягледзячы на перашкоды, музэй працягваў існаваць і нават пашыраўся. У 2004 годзе спадар Белакоз адмовіўся павесіць у музэі партрэт прэзыдэнта, і яго адправілі на пэнсію. Меркаваньне паэта Генадзя Бураўкіна:
“Ён у сваёй грамадзянскай справе, грамадзянскай пазыцыі прайшоў пэрыяд ад таго часу, калі ваявалі зь беларушчынай, да таго часу, калі зноў зь беларушчынай сталі ваяваць. І нідзе ня схібіў — ні тады, ні цяпер. І калі б такі Белакоз быў у кожным раёне, у нас зусім па-іншаму было б і з нашай культурай, і са стаўленьнем да мовы. І я вельмі прашу і Бога, і самога Алеся Мікалаевіча, каб мы былі зь ім яшчэ доўга-доўга на нашай беларускай зямлі”.
Зямляк і сябра Алеся Белакоза мастак Лявон Вашко з Мастоў кажа:
“Такія людзі, як Алесь Мікалаевіч, — гэта адзінкі, якія захоўваюць нашу нацыю. Веды, духоўнае багацьце народа акумулююцца ў сьвядомасьці нешматлікіх людзей, якія фактычна ахоўваюць нашу Бацькаўшчыну, зьберагаюць яе, перадаюць свой досьлед іншым. І таму як зь ім сустракаесься — гэта як дотык да народу. Таму што ў нашым зрусыфікаваным асяродзьдзі гэта сапраўдная Беларусь”.